Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/31

Гэта старонка была вычытаная

ўсялякую бязглузьдзіцу друкаваць?.. А тут кніжка патрэбна звычайная. на нашай мове, для навукі людзем паспалітым, дзецям малым?..

Сродкі то яны дадуць, толькі ці згодзяцца кніжкі такія друкаваць, якіх мы хочам? Хіба прыдзецца ўтлумачыць ім… Значыць, крыху падвесьці іх… Вось жыцьцё: за капейкі, за грашы няшчасныя прыходзіцца душою крывіць!?.. А дзеля чаго ўсё гэта мне?.. Толькі-ж хто, апрача мяне, возьмецца за такую справу?…

І бог на гэта спакойна пазірае?.. Чаму яго праўда гэтак далёка ад нас?.. А мо‘ яе і зусім няма, мо‘ наўкол, усюды толькі пустэча?..

Чалавек, камень, дрэва… ну якая розьніца паміж ім?.. Чаму чалавек памірае, чаму яго чэрві ядуць таксама, як і каня здохлага, сабаку?..

Божа. божа!.. Прабач мне!.. Хаця адкуль і што я ведаю?..

— Мітвох грошай прасіў, — раптам, як з-пад вады, усплыла думка, — добры, шчыры чалавек і, покуль што, найлепшы з майстроў у друкарні… Хоча боты купіць… Яно-то і трэба было-б даць; ён такі і, сапраўды, чуць ня босы ходзіць… даць трэба… мо‘ ў бурмістра што-колечы ёсьць… а ў мяне хоць бы грыўня за душою!.. ах!..

∗     ∗

Друкары Скарыны, тым часам, пільна працавалі. Іх было толькі траіх: немец — Мітвох і два тутэйшых — Даніла і Цімох. Сапраўднымі майстрамі лічыліся толькі двое: Даніла і Мітвох. Цімох быў значна слабейшым ад іх.

Сёньня да працы яны прыступілі раней звычайнага, бо пачалі набіраць апошні разьдзел кнігі і ім хацелася што найхутчэй скончыць набор; праз якіх-небудзь два дні, да нядзелі. Скончыўшы раней працу, у сьвята можна было-б і «дыхнуць вальней і пагуляць, што называецца»…

Працавалі. Калі-ні-калі перакідваліся адным — двумя словамі, жартавалі.

— Даніль!.. а, Даніль!.. — Пазваў сябру Мітвох.

— Слухаю, — сур‘ёзна адказаў той, не пакідаючы працы.

— Ты чаму такі сур‘ёзны?

— А ў чым справа?

Мітвох пашавяліў чорнымі густымі брывамі, усьміхнуўся і даў сабе пад бараду пстрычку.

Даніла засьмяяўся.

— Што гэта за штука, немец?

— А ты ня ведаеш?.. Скажы, Даніль, ці дасьць нам дохтар к сьвяту на піфца?..