Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/32

Гэта старонка была вычытаная

— Каму што, а курыцы крупы…

Момантаў некалькі памаўчаў, паправіў на століку лісты, з якіх набіраў, дабавіў:

— Чаму-ж не?.. Я думаю, што дасьць, абы было… не пашкадуе…

— Ужо ізноў хочацца піфца выпіць.

— Абавязкова піўца?…

— Немец піф любіць…

— А яшчэ што?..

— Го-о-о!..

— Ну, скажы ты мне, братка, па праўдзе: маеш ты цяпер якія-колечы зьвесткі ад сваёй Міны, ці не?..

Мітвох страпянуўся, як ужалены. Пачырванеў. Патупіўся. Потым зусім зьмяшаўся.

— Н — не!.. Н — ня ведаю… ня варта гафарыць, — сказаў ён, урэшце, дрыжача — ўпрашаючым голасам і апусьціў вочы ўніз, — гэта быль так дафно… я ня ведаю… мо?..

— Мо‘ ўжо замуж вышла?!. — пажартаваў Даніла, — ды яно так і будзе!.. Хіба-ж ёй чакаць покуль валасы на галаве не пабялеюць?.. Дый ты-ж ужо стары: бадай, гадоў сорак будзе?..

— Будзе, — ціха адказаў Мітовох і пільней пачаў набіраць. Пальцы хвіліна-ад-хвіліны ўздрыгвалі і з іх падалі на падлогу літары…

— Ня журыся, браток, — пачаў супакойваць свайго сябру Даніла. — На сьвеце ўсяляк бывае… Вось пабудзь яшчэ ў нас троху… Хай падвучыцца крыху Цімох… Тагды мы цябе адпусьцім… Міна твая мо‘ яшчэ пачакае цябе?..

— Ай, кінь! Многа ты ўжо набраў?..

— Што гэта ты, Мітвох, сёньня такі сур‘ёзны?... Ха-ха-ха!?

— Чаго пытаеш?..

— А чаго-ж ты, Даніль!? Го-о-о!..

— Думаеш, што і ў мяне Міна ёсьць?.. не, няма…

— Ня круціся.

— Не; сапраўды, няма.

— Баба ты, а не чалофек!

— Калі захачу, то дзесяць буду мець, а ты страціў Міну і другой ня знойдзеш!..

— Кіньма аб гэтым!.. Можа хутка я сабе нофы бот куплю…

Даніла нездаволена ўхмыльнуўся.

— Нашто табе новыя боты, старому?

— А што-ж: працафаць, працафаць дый нічога ня мець?

— Галава твая!.. У труну з сабою ўсё-роўна ня возьмеш!?