Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/35

Гэта старонка была вычытаная

справы», а сам ён, дык амаль — што сапраўдны шаптун… Але прыдзе час!..

— Юры Лукіч, — паважна і ветла пачаў у сваю чаргу бурмістр, — я лічу, што супроць духаўнікоў выступаць покуль-што ня варта і ня можна. Трэба ўзгоднівацца з імі. Добра было-б, каб у нас, на Беларусі, свая ўласная царква ўтварылася, але-ж гэта невядома… Каталіцтва, зразумела, толькі шкоду прынясе: апалячыць наш народ, а, ў згодзе з праваслаўным духоўніцтвам, мы будзем заўжды лепшы уплыў мець на люд паспаліты, які яшчэ ўпорчыва трымаецца праваслаўя… Можа ў нас, як і ў немцаў, пашырыцца вучэньне Лютара, тады мы зусім самастойна будзем жыць.

Пры апошніх словах бурмістра Скарына раптам нахмурыўся. Па твары праскочыла нэрвовая ўсьмешка.

— Лютаранства — глупства чысьцюсенькае. Я толькі дзіўлюся, чаму яго (Лютара) вучэньне распаўсюджваецца ў Нямеччыне?.. Хто мог-бы гэтак здрадніцкі падвесьці свой люд, паспаліты люд у васаблівасьці, як Лютар. Узбурыць сялянства, падштурхнуць яго да змаганьня за сваю долю, а потым праклінаць яго і заклікаць князёў і шляхту «вешаць сялян, як сабак» — гэта зрабіць мог толькі Лютар!..

А калі я яму напомніў аднойчы пра гэта, дык ён мяне антыхрыстам абазваў, зрабіўся маім ворагам лютым!.. Не, лютаранства — гэта недарэчнасьць!.. Гэта — ашуканства!..

З праваслаўем было-б мо‘ і дармо, але-ж з імі нельга паладзіць?..

— Я вас разумею, але-ж мы яшчэ покуль-што слабенькія… Трэба покуль-што ладзіць… Бязумоўна, прыдзе час, калі царкоўныя прамовы ня будуць адзінай крыніцай асьветы народу, будзе ў нас шмат кніжак, будзе шмат школ для ўсіх людзей: і для лепшых і для паспалітых, гэтак званых «подлых».

— Згадзіцца цалкам, паважаны мой бурмістру, не магу: у нас з духоўнікамі розныя шляхі: я ведаю, што яны пішчом трымацца будуць за старую славянскую мову і захочуць толькі на ёй кніжкі друкаваць, а славяншчына ўжо незразумела людзём паспалітым… З славяншчынай трэба змагацца!.. За граніцай ужо ўсе заходнія народы пачынаюць кідаць латынь, кожны народ пачынае ўжываць і ў навуцы сваю родную мову… Ня трэба быць і нам сьляпымі…

Тут мы з духоўніцтвам рана, ці позна, а разойдземся… Эх, беднасьць наша!

— Нічога ня зробіш, — ціха адказаў бурмістр і задумаўся. І ўноў яго вочы, як блакіт задуменна — ціхія, сінія, кудысьці ў далячыню сягнулі.