Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/37

Гэта старонка была вычытаная

— Любыя другі мае, майстры! — зьвярнўуся да сваіх друкароў Скарына, калі тыя скончылі працу, — за вашу працу шчырую, добрасумленную ад шчырага сэрца беларускі дзякуй!

Ваша праца, браты, — вялікая і пачэсная праца!.. Хай людзі нашы паспалітыя маюць карысьць ад яе. Хай навучаюцца па кніжках, якія вы ўжо некалькі год друкуеце, навукам розным! Няхай жыве і красуецца збожжам у полі наша справа друкарская! Хай цьвіце і красуецца кветкай чырваньню наша асьвета беларуская!.. Хай жывуць і працуюць на карысьць людзям верныя сыны Беларусі, няўхільныя змаганьнікі, волаты, змаганьнікі за лепшую будучыну цёмнага люду паспалітага!

— Віват!.. віват! — ускрыкнулі ўсе.

— Няхай жыве беларуская адукацыя і яе лепшы будаўнік Скарына!.. Віват!..

— Віват!..

— Віват!..

— Паважаныя другі! — зьвярнуўся да ўсіх бурмістр Якуб Бабіч, — сёньня ў нас вялікае сьвята. Мне хацелася-б сёньнешні дзень адзначыць, як дзень асабліва для нас радасны, як дзень урачысты. Мне хацелася-б сёньня вас усіх бачыць і мець за гасьцей у сябе.

Прашу не адмовіцца і зайсьці да мяне на невялічкую трапезу!..

— Паважаныя друкары! — зьвярнуўся ён асабіста да супрацоўнікаў Скарыны, — зрабеце мне гонар сваёю прысутнасьцю на нашым сёньнешнім сходзе ў мяне, я буду вельмі рад і падзячан вам.

— Шчыра дзякуем, вельмі рады!

— Так пойдзем, паважаныя госьці!

Усе накіраваліся ў пакой бурмістра.

У багата абстаўленай залі, з старыннымі партрэтамі дзядоў і прадзядаў бурмістра, з каштоўнымі малюнкамі лепшых сваіх і замежных мастакоў і з цэлым іконастасам ікон у куце, ужо былі расстаўлены сталы і крэслы. На сталох горамі настаўлена і накладзена была ежа і закускі рознай, выпіўкі.

Госьці амаль-што бясшумна пачалі рассажвацца ў паказаныя гаспадаром месцы, па старшынству, радавітасьці і багацтву.

Скарыну з яго супрацоўнікамі пасадзілі на першым месцы, найбольш ганаровым.

Гаспадар дому, бурмістр Якуб Бабіч прывітаў гасьцей кубкам старыннага моцнага мёду, які ён выпіў поўнасьцю.

Усьлед за ім, пачаліся прывітаньні гасьцей, пайшлі прамовы, тосты, пажаданьні.