Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/40

Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта табе не патшэбна… На цо тобе?..

— А як-жа з грашыма, з усімі? — нясьмела заўважыў Грыгор на яго запытаньне.

— Ах до сту д‘яблуў!.. хлоп!.. На, тобе поўны партманэт… Ну, цо — здавалёны естэсь?! «Подлы»!..

Грыгор схапіў аберуч скураны кашалёк, набіты срэбнымі манэтамі і, дрыжучы ўсімі членамі пачаў перакідаць яго з рукі у руку, мацаць і аглядаць з усіх бакоў, не асьмельваючыся заглянуць ў сярэдзіну яго.

— Схавай! — скрозь зубы загадаў пан Кубінскі.

Грыгор павініўся загаду, як пакорлівае дзіцё: паслушна схаваў, потым запытаўся:

— Дык скажэце-ж, калі ласка, хто вам нараіў мяне?

— Мой фурман і…

— І сьвяты айцец? — перабіў Кубінскага Грыгор,

— Які там чорта сьвяты!.. І ня ён!..

— Але ці ведаеце? — узрушана і недаўменна — радасна пачаў Грыгор, — я дык сёньня ужо наперад усё ведаў… Сасьнілася — навярзлося мне сёньня чорт ведае што… Адразу гарэлкі наўкол мяне дык о-ё-ёй колькі!.. але ні аднэй бутэлькі не адкупарыць!.. потым чорт, гадзюкі, ваўкі… а раптам анёлачак… зьявіўся ды загадвае мне ваўкоў з лесу выгнаць… я і пашоў…

— Гы-гы-гы-ы-ы!.. — хітра зарагатаў пан Кубінскі, — нігды не чакаў, каб хлоп, подлы хлоп быў такі мондры… Ну, тэраз ідзь, юж час… астатне пенёндзы ютро за лясэм, дзе я мувіў, атшымаш… ідзь!

Грыгор тарапліва ўсхапіўся з-за століка, дзе яны сядзелі, і узрушана затупаў на адным месцы.

— Ідзь, ідзь! — прыкрыкнуў пан Кубінскі.

Прыкметна падзёргваючы рукамі і нагамі Грыгор вышаў.

Счакаўшы некалькі хвілін усьлед за ім вышаў і пан Кубінскі.

∗     ∗

Час быў к самай поўначы. Срэбны маладзічок ужо больш гадзіны было таму назад, як закаціўся.

Наўкол было ціха і прыгожа.

Толькі сьветла-сінія зорачкі чагосьці ўглядаліся на землю ды палахліва дрыжэлі, нібы поўраспранутыя на марозе дзеткі — сіроты.

Хвілінамі здавалася, што яны зьбіраліся аб чымсьці закрычаць, перасьцерагчы кагосьці, але нямы жах скоўваў іх вусны, і яны толькі рабілі непамерныя патугі, надрываліся моўчкі ды бязунімку дрыжэлі…