Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/41

Гэта старонка была вычытаная

Шэры змрок зачараваў усё навокала, прыспаў. У салодкай поўдрымоце аб чымсьці гутарылі паміж собку высокія стройныя, як дзяўчаты, таполі, разьвесістыя поўныя ліпы, бялявыя, сінявокія бярозкі.

Злыя-ж думкі людзкія нішто ня можа ні прыспаць, ні зачараваць!...

Толькі пракрычалі дзесьці пеўні першыя, як у васяродку гораду выбухнуў раптам аграмадны клубок дыму. Крывавачырвоныя языкі полымя радасна запрыгалі, загулялі у паветры, зашыпелі зьмеямі. Лізанулі высь… схаваліся… раптам уноў ірвануліся ўгару, як прывязаныя разьюшаныя львы…

Пяць хвілін… і усё неба залілося крывавым заравам пажару… задрыжэла, затрапяталася, бы дзявочая каса, сінь-смуга начнога неба, замільгала пералівамі дзівоснымі, паўтонамі.

Зазьвінелі, загрымелі, загукалі на вежах гарадзкіх званы.

Горад страпянуўся, бы ранены зьвер, загуў, залаташыўся.

Народ морам рынуўся да месца пажару.

А к гэтаму моманту ўжо дагарэў і разваліўся дом бурмістра Якуба Бабіча і больш дзесяці суседніх былі ў агні…

Рвануўся вецер. Аграмадным роем узьвіліся угару іскры, вуглі, галавешкі… ляцелі ўноў уніз… раптам яшчэ ў некалькіх мясцох гораду загулялі чырвоныя языкі агню.

Народ замяшаўся, завыў.

— Дзетачкі-ж мае!…

— Ай людцы!…

— Божухна!…

— Ратуйце!…

— Трымайце! трымайце!.. лавіце!..

— Вады падайце! Сюды вады!..

Частка натоўпу яшчэ спрабавала змагацца з агнём.

Нечакана вецер накіраваўся на паўднёвы — усход, захапіўшы з агнём большую палову гораду і рвануўся наперад з гураганнай сілай.

Нават самыя стойкія з натаўпу ня ўтрымаліся цяпер супроць агню, і ўсе, зьбіваючы адзін другога з ног, топчучы ўпаўшых, крычучы, стогнучы і праклінаючы адзін другога і ўсіх без разбору, рынуліся наўцекі за ветрам.

Цераз некалькі хвілін зусім апусьцела ад народу аграмаднае вогнішча, толькі вуглі і галавешкі скаліліся на зямлі, як воўчыя зубы.

— А-я-яй!.. гу-у-у! — галосіў непадалёку ад руінаў друкарні Мітвох, — нофы бот згарэў!.. а-я-я-яй, зусім нофы!.. ах-ха-ха-а!

А ніўцешны плач яго, плач балесны і ў той-жа час наіўны,