Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

як дзіцячы, вецер утрапёны захліпаючыся глытаў ды заглушаў яго дзікім рогатам.

— Ты чаго галосіш, Мітвох?! — спытаўся ў немца Даніла, які вынырнуў з Цімахом з-за вугла, як з процьмы зьзяючай, — глупства, пашыеш новыя, чорт ты гэтакі!…

— Ай — вай, — усё несупакойваўся Мітвох, — такі агонь!.. ай-вай!.. і нофы бот і усё! а-а-ай-вай!..

— Вось дзе яны! крыкнуў адзін з кучкі людзей, якія выбеглі ў гэты момант з цемры незачэпленага агнём перавулачку, — гэта брукары падпалілі! бі іх!… га-а-ах!!. растакую іх маць!..

Кавалак яшчэ гарачай ад агню цагліны ўпіўся вострым кантам у сківіцу Мітвоху.

Апошні толькі ўзьняўся на наскі нэрвова, схапіўся рукою за шчаку, хіснуўся, як ракіцінка ад ветру, і клубком зьвіўся на зямлі.

Уздыхнуў хрыпла і глыбока, страпянуўся, як з прастрэлянымі грудзьмі птушка, і сканаў…

Даніла з Цімахом кінуліся наўцекі ў заходнюю частку гораду, адкуль дзьмуў вецер і дзе ня было агню

Адным каменем яшчэ хапіла і Данілу па назе, аднак надалей пагоні за імі ня было і яны, крыху прабегшы, супыніліся ў адным з глухіх перавулкаў.

— Ну, цяпер куды? — спытаўся Цімох у свайго сябры, дрыжучы ўсім целам і чуць зводзячы дыханьне.

— Трэба да доктара забегчы, — адказаў Даніла, — ты — як сабе хочаш, а я пайду!.. Божа, божа мой!...

— А я да Аньковых пабягу!?.

— Бяжы! — крыкнуў ужо здалёк Даніла і зданьню зьнік у ружовым змроку вузенькага перавулачку

∗     ∗

Скарыны ў дому ня было.

— Куды-ж ён пайшоў? — спытаўся Даніла ў жонкі Скарыны, якая з сваёй служанкай Алеськай зьвязвала ў клункі розную вопратку і іншыя рэчы і перакідала іх у перапудзе з аднаго кутка ў другі, хвалявалася і плакала.

— А вы яго ня сустрачалі?!

— Не!..

— Бог сьвяты ведае!… Бажочкі мае!.. Пашукайце яго Данілачка!.. родненькі!..

— Добра, добра… Вы толькі не палохайцеся так, — супакойваюча сказаў Даніла, — ён цяпер, напэўна будзе ў Аньковых, куды перабраўся і бурмістр.

— І бурмістр Бабіч сгарэў?!