Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/43

Гэта старонка была вычытаная

— Ды з яго-ж дому пачалося і гарэць… падпаліў хтосьці, — сумна адказаў Даніла і апусьціў уніз голаў.

— Данілачка, бяжэце пашукайце!.. Я-ж сама пашла-б, ды нельга… тутака-ж усё… бяжэце, родненькі!..

— Добра, добра… Мы хутка прыдзем… Толькі вы не палохайцеся так.

Пашоў.

У Аньковых Скарыны таксама Даніла не знашоў.

Усе занепакоіліся. Падняўся цэлы шурум-бурум. Якуб Бабіч, малады Анькоў, Даніла і Цімох усе кінуліся адшукваць доктара. — Хоць-бы жывым знайсьці, — было ў кожнага на вуме.


VI.

— За што наказуешы о божа! — ускрыкнуў Скарына, калі згледзяў праз акно полымя, — ай божа!…

— Што там? — спыталася ў яго жонка з другога пакою.

— Нічога такога!… — адказаў ён здаўленым голасам, баючыся перапужаць яе.

— Як нічога?! — устрывожана спыталася яна і ўсхапілася з пасьцелі, — божачка!… гарыць!!… Дзе гэта?!

— Ня ведаю. Пайду пагляджу…

— А што-ж мне рабіць?… Куды ты?!…

— Я не пайду… я толькі пагляджу куды агонь накіраваўся…

— Вой!… Ня йдзі!… Як-жа дзеці!… ай!..

— Гм!… Чаго ты так?… Складвай рэчы, якія хочаш, а я выйду зірну… там мо‘ людзі гінуць… Ад нас агонь яшчэ далёка!

— Дык варочайся назад хутчэй, а то я ня ведаю, што рабіць!…

∗     ∗

Скарына вышаў на вуліцу.

— Дзе гарыць? спытаўся ён у першага сустрэчнага.

— Чаго пытаешся?! — груба адказаў яму праходзіўшы, — ужо палова гораду згарэла, а ён пытае!!…

Нічога больш ні ў каго ня пытаючыся, Скарына кінуўся наперад.

Думкі ў галаве віхром іскраў закруціліся. Не хапала моцы застанавіцца на якой-небудзь аднэй з іх.

Бег далей, і сам ня ведаў і ня думаў, куды бег.

Раптам прышоў у сябе.

— Яшчэ раз завярнуць направа… на вуліцу… і будзе дом відаць, дзе падумалася яму, — няўжо няма?!… О, божа!…

Выбег на вуліцу.