Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

Як вецер лістоту разьвеяў,
параскідвала вас Расея,
баярская маці — Расея,
сканаўшы у сьвінцовай завеі.
… Узышла, зацьвіла, залаціцца, —
маладой Беларусі зарніцца.
Але… цені, прыблудныя цені —
носіць імглістая цемень.

6.

Сказ пра Дзьвіну нам раскажа парою
лірнік, схіліўшысь пакорна, журбе:
— Бераг, твой срэбны, дно залатое,
— кроў працякала, Дзьвіна, праз цябе.

— Шляхта, ксяндзы, ізуіты, зьвярына
— глумілі бязьвінных, тутэйшых людзей…
— Набегам няволілі нашу краіну
— хэўра разьюшаных рускіх князей.

— Дый палачанкі княжны Ефрасініі
— сёньня стаіць не адзін манастыр,
— хоць змоўклі — заціхлі ў зарасьлях ціны
— шумныя хвалі сівой Палаты.

— Ў гарадку, дзе радзіўся Францішак Скарына —
— чакалі стагодзьдзямі сонечны дзень.
— Раней — ізуіты глумілі бясчынна,
— дый пакаленьне праклятых князей.

7.

Неяк думкі ўзьвіюцца варожа,
глянь адно — за царквою царква.
Гэтым скарбам падужацца зможа
з перамогаю толькі Масква.

Пасінеўшы стаяць камяніцы,
а калісь пад звон… шпор —
кадзеты хадзілі маліцца
ў праславуты Сафійскі сабор.

І многа, ой, многа было іх:
аплялі як на пасяцы мох.
Але ўсёткі народ наш ўстоіў,
захаваўшы хоць мову ў грудзёх!