Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

Сёньня новымі ўзорамі звычаі
сталі наша жыцьцё аздабляць.
А чынушы «былога величия»
Хоць за… ногі гатовы кусаць.

8.

На вуліцах сьціхне ўвечары гоман,
«былое величие» ў пролазах цьмы
песьню заводзіць пад хрып грамафона:
— «Бывали дни, гуляли мы»…

Зьбяруцца суседзі, з блізку з далёку,
паслухаць «восточный страстный романс»…
Вып‘юць па чарцы вішнёўкі салодкай,
пульку сыграюць адну ў прафэранс.

Вістуюць усе. Азарт забірае…
Бяз козыра… ў цёмную… Бубні-звон…
Жанкі «пакіднога» сабе падкідаюць,
хрыпіць пацяшаючы іх грамафон.

Анекдот? — бясспрэчна. Жарт? — Бязумоўна.
Сьмех — гэта радасьць пары залатой
… На вока папаў «Беларускі Слоўнік» —
застыла вясёласьць, зьмяніўся настрой…

9.

Скубуць намі ўзьнятае роднае слова,
расьцьвіўшае пышна, як сонца, як дзень!…
Слову служылі — грудзі аховай,
ня вытруціць вольна ўздыхнуўшых грудзей!

О, пакаленьне, «пшаніца Хрыстова»
было узьнялося, як вецер з-за гор,
стрыножыць імкнуліся роднае слова,
што вызваліў Наш Семнаццаты Год.

Ніколі ня сьцяць ім жыцьця маладога,
не замяніць нашых сонечных дзён.
Няхай-бы гулялі сабе ў «падкіднога»
І соладка слухалі-б свой грамафон.

О, спадчына лютая! Хто-бы забраў бы?
Жыцьцё не да смаку бяз розных прыкрас.
З пасагам аддалі-б з прыбыткам, запраўды —
адно, каб ня стала іх толькі у нас.