Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

Мястэчка…
беднасьць…
імкненьне жыць!
Дарогаю спаткаў, як талесы, сізога гандляра.
Ен хадзіў па вуліцы, углядаўся ў неба,
церабіў бародку і, відаць, маліўся.
— Спакойны дзень, спакойнае зкыцьцё, —
так думаў крамнік, думаў так гандляр.
У хаце, на стале, пад абрусам маца;
у школе ён спакойна малітву прачытае,
з суседам здолее гішэфт абгаварыць.
Пройдзе пэйсах, пройдзе сьвята,
адчыніць крамку зноў…
зноў капейку да капейкі, так, гэтак,
дзе там гандаль, — «Эт, спакойнае жыцьцё».
Незадоўга — недалёка гоман неўгамонны,
радасна — вірлівы прывабіў да сябе.
Пайшлі. Спыніліся, забаўна.
Кучаравыя дзяўчаткі і хлапцы
цешыліся першым сонечным праменьнем.
— Вясна ідзе! Ідзе вясна жаданая,
закрасавалі вочкі дзетак хараством вясны.
Дзеткі жыцьцёрадасныя, бедната сялянская,
гульліва карагодзяць — забаўляюцца.
Разгаварыліся, зайшлі у школу, школа беларуская.
Цікавяцца, пытаюцца:
— а ці вялікі Менск?
— а як жывуць і вучацца там дзеткі?
— Ці многа кніг у горадзе вялікім?
— Ці бачылі, хоць раз, вы, Коласа, Купалу?
І чытаюць вершы, з любасьцю чытаюць,
з гордым хараством, мовай чыстай, роднай.
Дзеткі любяць вершы!
Любяць вершы —
калі льлюцца плаўна,
калі льлюцца думкамі радасьці, жыцьця.
А за вакном віднеецца пахілая бярозка.
Стаіць у нярухомасьці заклятай,
і быццам-бы баязьняю ссутулілася, плача.
Зямелька наша!
Па дарожцы-сьцежцы зараз, вось цяпер,
хацелася-б пайсьці і страсануць, каб залілася
радасьцю бадзёраю, юнацкай,
пакрыўджаная, сумная бярозка.