Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

— О, не! Сягоньня ты ня пройдзеш, цябе ня пусьцяць,
ты ня маеш права.
Першы раз!
Першы раз, на дваццатай вясьне
жыцьця вясёлага свайго,
пачуў, як моцна сэрца сьціснулася жалем.
— «Цябе ня пусьцяць, ты ня маеш права», —
а там пануе вораг і табе ня можна
пайсьці і сьцяць яго імкненьне да крыві.
Бедная зямліца!
пакрылася ты колерам крывавым,
пакрылася сьлязьмі нявольнікаў — братоў.

III.

… З гурбой заўсёды бурнаю,
з шустрай дзетварою,
пайшлі, як-бы вясёлыя,
на мяжу — граніцу.
Засьпявала песьню дзетвара сялянская,
а ў мяне на сэрцы смутак зашуршаў.
Глянеш, роўніца-раўніна
няма ні ўзгорку ні купінкі,
— мяжа.
Стаіць з арлом двухглавым шэры слуп,
у некалькі радоў працягнен дрот калючы,
у крокаў тры ад нас стаіць паляк-жаўнер,
— мяжа.
Непадалёку, блізка вёска выглядае,
стрэхі саламяныя, вось які тут, у нас,
а па-за хатамі палі бязьмежныя,
— мяжа.
Змоўклі дзеткі, вочы патупілі,
крыўда спавіла,
— мяжа.
Ім цяпер ляцець-бы з сілаю наперад,
узьлётам думкі, імкненьнямі жыцьця.
Ахапіць сусьвет, захапіць узвышша
і новае сваё стварыць, узьняць,
— мяжа.
Дзетвара сялянскай беднаты,
надзея нашай бацькаўшчыны вольнай.
Надыйдзе час, віхры ўзьвіюцца,
і толькі ў памяці застанецца
— мяжа.