Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

і пісьменьнікаў, але гэта змаганьне больш загартавала аб'яднаньне, больш канкрэтна паставіла пытаньне аб задачах літаратуры ў наш час і яе характару.

Полацкая філія ўсягды стаяла і стаіць на шляху, які заняло ўсё аб‘яднаньне. Розныя хістаньні ў справе будаўніцтва пралетарскае літаратуры ў пераходны кругабег, якія маюцца ў літаратурным сьвеце па за Маладняком, нашае філіі не крануцца, і ня зрушаць яе з таго шляху, па якому яна ішла і будзе ісьці надалей.

Як было сказана вышэй, у гісторыі Маладняка, вялікае значэньне маюць гісторыі паасобных філій. Бабруйская і Барысаўская філіі ўжо падарылі свае зборнікі прыгожай беларускай літаратуры, Калінінская і Аршанская — свае часопісі. Полацкая філія ўносіць таксама свой уклад.

Полацкая філія заснавалася ў 1924 годзе. Першыя крокі працы філіі былі ня лёгкія. Полаччына нядаўна была тады яшчэ далучана да БССР, і працу прыходзілася пачынаць пры ня зусім спрыяючых умовах.

Полацак з яго вялікім гістарычным мінулым, Полацак дзе радзіўся першы беларускі друкар Францішак Скарына, Полацак — сталіца былой Полацкай Русі на руінах мінулага, на руінах іезуіцкіх кляштараў і «православных церквей» будуе новае жыцьцё. Але спадчына мінулага засталася яшчэ і часамі воража цяўкае «носитель былого величия». Яскравым прыкладам гэтага можа служыць чорнасоценскае, вялікадзяржаўна шавіністычнае выступленьне ў друку Пшчолкі ў сёлетнім годзе, які сам паходзіць з Полаччыны.

Задачаю «Маладняка» Полаччыны зьявілася разгортваньнем сваёй працы па Полаччыне, разьвеяць імкненьні «пшчолак» якія тады цішком імкнуліся паралізаваць разьвіцьцё беларускай культуры.

Праз наладжаньне літаратурных вечароў і выступленьняў полацкія маладнякоўцы заявілі аб сабе, сказалі моцнае слова аб разьвіцьці беларускай літаратуры і сваёю творчасьцю падмацавалі гэта.

Далей болей праца філіі посоўвалася наперад. Пачалі зьяўляцца маладнякоўскія творы на старонках, тады яшчэ выходзіўшай на расейскай мове, полацкай газэты.

Усё гэта абудзіла імкненьне да творчай працы сярод гушчаў вясковай моладзі Полаччыны. У рэдакцыю пачалі масава паступаць творы маладых вясковых паэтаў.