Старонка:Наддзьвіньне (1926).pdf/91

Гэта старонка не была вычытаная
ЯЗЭП КОЗІК.

Трыолет.

З жыцьцём інакшым у душы
Я пакланюся ў сінь прадвесьняў
І хай сальлюцца думы-песьні
З жыцьцём інакшым у душы…

Хай залатое, сонца ўзьвесьніць,
Асерабрыць нямую шыр —
З жыцьцём інакшым у душы
Я пакланюся ў сінь прадвесьняў.

М. Валынцы 1926 г.



Настроі.

Нейкімі другімі мы выходзім ў людзі,
Неяк болей сілы у плячох, руках…
Мы бадзёрай вышлі на жыцьцёвы шлях,
Дык туга увосень не сашчэміць грудзі.

Не хачу душою я крывіць ніколі,
І хлусіць ня хочу прад самім сабой.
Лепш жыцьцё авею радасьцю хмяльной
Каб пакінуць звычай праклінаць нядолю.

Ой, я вып‘ю хмелю срэбраліты кубак,
Каб любіць жыцьця вірлівае прадоньне…
Я ня буду хмурыць у сумоце скроні
Бо у маладосьці не завянуць губы.



∗     ∗

Эх, далі, далі! Не праменіць
Вас срэбра восені ў цішы…
Бярозы сталі на калені
І не пяюць ў нямую шыр…