Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/108

Гэта старонка была вычытаная

Прапацела яна маім сокам.
Цэлы тыдзень яе не памылі...
А твая-ж. Як той сьнег, як папер:
А пацеў хто і ткаў і бяліў,
А хто мыў і хто праў... А цяпер
Ты той пот на сябе ўзваліў.
У кашулі тэй мне-б было стыдна,
Што ня сам на яе гараваў,
Хоць бялейша яна-не завідна,
Не вазьму, каб ты мне дараваў...
Ня дзівіся, панок, як жыву,
Мне ніхто не памог будаваць...
Хоць лянівым у сьвеце слыву,
А магу сьвет карміць-гадаваць,
Ты-ж пазнаў што у ксёнжках стаіць,
А там розуму шмат ад вякоў
І ўсё можаш па ксёнжках рабіць:
А дзе-ж ксёнжка для нас мужыкоў.

Узятая ў цэлым, ідзолёгія Багушэвіча, агорнутая романтыкай мінулага ў пастаноўцы нацыянальнага пытаньня і прасякнутая верай у моц інтэлігенцыі ў разьвязаньні пытаньня соцыяльнага, зьяўляецца тыповай дробна-буржуазнай ідэолёгіяй. І гэта зусім зразумела. Рэволюцыйны рух 60 і 70 гадоў, - правільна кажа М. Н. Пакроўскі, - ёсьць рух дробна-буржуазнай інтэлігенцыі. Уласьне інтэлігентнасьць і зрабіла яго рэволюцыйным. Дробная буржуазія, якая па меры разьвіцьця капіталізму разбураецца, ператвараецца ў пролетарыят (рэформа 19 лютага разбурыла, між іншым, якраз дробных зямляўласьнікаў, валадаўшых дзесяткамі душ, якім выкупная сума не дала капіталу на ўтварэньне новай гаспадаркі, і толькі іх), звычайна нездаволена, абурана мармоча, бурчыць, але яе абурэньне ня заўжды накіроўваецца па належнаму шляху"...[1]

Абурэньне Багушэвіча гэтак сама ня заўжды зьяўляецца накіраваным мэтазгодна: ён часам кідае свой погляд не наперад, але назад, у глыб даўно мінулага, у яго няма сапраўднай рэволюцыйнасьці з яе верай у моц не вярхоў, а працоўных нізоў грамадзтва, якія самі зьяўляюцца кавалямі свайго шчасьця.

  1. Русская история в самом сжатом очерке. Выд. 1921 г., стар. 186.