Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/137

Гэта старонка была вычытаная

Так у поэзіі Цёткі зноў ажывае ідэолёгія народнікаў з іх верай у мужыка, з іх імкненьнем аддаваць яму перавагу перад усімі іншымі клясамі.

Як у сапраўднай народніцы, усе думкі поэтэсы накіраваны на тое, каб палепшыць дабрабыт селяніна. У вершы "Мае думкі" яна, раскрываючы перад намі свае запаведныя ідэалы, кажа:

Хацела-б я быць зярнём пшаніцы,
Упасьць на ніўкі вёскі,
Зазалаціцца без мятліцы,
Даць хлеб смачнейшы трошкі.
Хацела-б быць я рэчкай быстрай,
Аббегчы родны край!
Дзе напаіць, а дзе скупаць,
А дзе ўтуліцца ў гай.
То зашумець, то зашаптаць.
То спаць ў салодкім сьне,
То зноў сарвацца, зноў гуляць,
Агнём кіпець у дне.

Верш канчаецца сумным прызнаньнем, што Беларусь — край цёмны, што тут "ад цемнаты людзі сьпяць": усе спробы разбудзіць край аказаліся дарэмнымі. Гэта прызнаньне навеяна, бязумоўна, эпохай рэакцыі; аўтар тут як-бы робіць падагуленьне канчатковых вынікаў сваёй рэволюцыйнай дзейнасьці і прыходзіць да сумнага вываду:

Я там б'юся, я там у'юся,
Я ім хаты паламаў,
А ўсё-ж такі не даб'юся.
Каб народ свой голас даў.

Але нават у часы рэакцыі Цётка ніколі не даходзіла да абсолютнай роспачы; у ёй жыла бадзёрая ўпэўненасьць, што ідэалы рэволюцыі будуць мець канчатковую перамогу, і ў сваім вершы "Вера беларуса" яна кажа:

Веру, братцы, людзьмі станем.
Хутка скончым мы свой сон.
На сьвет божы шчырэй глянем.
Век напіша нам закон...
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт.

Поэзія Цёткі, такім чынам, прайшла пад знакам волюнтарызму: у яе вершах сапраўды адчуваецца "волі гарт", напружнае кіпеньне жыцьцёвых сіл, бадзёрая энэргія і ўзьнятасьць, асабліва ў зборніку „Хрэст на свабоду"