Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/140

Гэта старонка была вычытаная

галосіць шчыра, што быццам сапраўды сірата ўбіваецца на помінках роднай мацеры". Выступаюць перад намі далей Барабейка—музычная натура, Кульгач—сірата, які вясёла сьпявае "любви все возрасты покорны" і марыць аб Шаляпіну; Сібіра—вялы, апатычны чалавек; студэнт Шмулька, іdèe fіxe якога зьяўляецца мара аб тым, каб яўрэі зьвярнулі з дарогі асыміляцыі. Кожны вобраз тут добра і памастацку выяўлены. Ня гледзячы на трывогі аб здароўі Зялёнкі, у гэтай студэнцкай кампаніі адчуваецца заразьлівы настрой юнацтва; сыплюцца жарты, вастроты. Але ня толькі забаўляцца ўмее гэта моладзь; адначасна яна выказвае і гуманныя грамадзкія пачуцьці. На вечарынцы робіцца паведамленьне, што ссыльныя ў Якуцку галадуюць, "зіма ідзе, а іх адзеньне хоць па ветру пускай". І ў адзін момант без усялякіх гутарак і разважаньняў у моладзі гатова рашэньне: "ну што-ж, трэба нам падаткам сябе аблажыць і зараз выслаць хаця крыху... Хто пры сабе меў грошы, зараз палез да кішэні".

Фінал апавяданьня, як зазвычай у прозе Цёткі, трагічна сумны. Героіня памірае на концэрце, куды яна ідзе, ня глядзячы на сваю цяжкую хваробу. Асабліва трапна пераданы перадсьмяротныя адчуваньні Зялёнкі, навеяныя музыкай. "Смычок чуць-чуць даткнуўся, азваліся струны... ціхая мэлёдыя, як першы ўздох дзіцяці, палілася; ідзе, вядзе некудысь у засьветныя разлогі чыстага лірызму. Маладая душа верыць у шчасьлівыя далі, узьнімаецца, рвецца да іх сьмелым лётам... у яе адзін за другім громы абману, зла... Змагаецца з цёмнымі сіламі прозы, б'е скрыдламі ў нябесныя скляпеньні поэзіі. Бой даходзіць фазы сьмерці і жыцьця. Белая шата паволі пакрываецца крывавай расой. Скрыдлы апускаюцца, і ужо сьмяртэльна ранена моладасьць плача, скуліўшысь у варот шчыльна зачыненага раю шчасьця"...

Узятая ў цэлым, мастацкая проза Цёткі прадстаўляе сабой гэтак сама парываньне "ў засьветныя разлогі чыстага лірызму". Разгледжаныя тры апавяданьні яе па сутнасьці зьяўляюцца лірычнымі імпрэсыямі. Дынамічная фабула ў іх адсутнічае; яны насычаны абмалёўкай душэўных настрояў; самая форма іх у некаторых месцах прадстаўляе сабой разьмерана-рытмічную, музычную прозу, якая так адпавядае выяўленьню лірычных эмоцый. Праз усе імпрэсіі, як мы бачылі, чырво-