Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/154

Гэта старонка была вычытаная

шае месца высоўваецца псыхолёгічны аналіз аўтарам цікавых душэўных перажываньняў. Праўда, і тут Ядвігін Ш. застаецца верным сабе: ён ня рысуе нам голай псыхолёгіі у якой-небудзь беспавятровай прасторы; заўжды ім тыя ці іншыя рухі душы выяўляюцца на адпаведным соцыяльна-экономічным грунце, але, цесна пераплятаючыся з бытам, псыхолёгія ў паданых апавяданьнях застаецца домінуючым элемэнтам. Так, у апавяданьні "Шчасьлівая", пісьменьнік паказвае нам, як ва ўмовах вясковай беднасьці вынікае сваяасаблівая романтычная концэпцыя жыцьця з яе ўцёкамі ад рачаіснасьці ў галіну пекных лятуценьняў. Бедная сялянка Тадорыха, увесь час марыўшая аб нейкім нясьнёным багацьці, ажыцьцяўленьне сваёй жыцьцёвай мары ўбачыла ў брудным гаршку, які прынёс ёй яе чалавек Юрка, і ў якім "і зьвінела і шуршэла: былі, відаць, і пабразгачы, былі, мусіць-то, і паперкі". Лічачы сябе валадарніцай вялікага скарбу і як-бы не жадаючы разбурыць сваю мару, Тадорыха "не хацела нават адпячатаць і палічыць сваё багацьце. Выйме гаршчок, патрасе яго, прыслухаючыся, каля свайго вуха, патpace ім каля вуха Юркі, дый зноў, запхнуўшы пад сяньнік, радасная, шчасьлівая клалася на пасьцель, цешучыся, як гэты скарб муляў яе бакі". І памерла Тадорыха ў вялікім задаваленьні і супакоі: "па яе высахшай, забялеўшай твары відаць было, што ўмірала радасная, шчасьлівая — умірала багатая". Так сваю мару аб фальшывым багацьці Тадорыха панесла з сабой і ў магілу; і толькі ўжо пасьля яе сьмерці суровая рачаіснасьць, як заўжды, пасьмяялася над яе бязгрунтоўным лятуценьнем. Калі разьбілі гаршчок, то "адтуль пасыпаліся брудныя паперкі газэцін і бляшаныя гузікі".

У адносінах соцыяльных апавяданьне Ядвігіна Ш. прасякнута горкай іроніяй. Яно як-бы прадстаўляе сабой смутны вывад з папярэдніх твораў. У гэтых творах пісьменьнік, як мы бачылі, абмалёўвае рачаіснасьць, поўную зла; ён паказвае нам, што ў жыцьці, пабудаваным на соцыяльнай няроўнасьці, пануе зьдзек адных над другімі, беспрасьветная цемра, беднасьць, якая калечыць душу, топча ў бруд прыгажэйшыя кветкі. А тым часам "чалавек народжаны для шчасьця, як птушка для палёту". Дзе-ж гэта шчасьце? І вось падобна да таго, як расійскі пісьменьнік Чэхаў у мрачнай