Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/169

Гэта старонка была вычытаная

оптымізму прадстаўляе сабой кароткая легенда яго „Чалавек" У легендзе апавядаецца, што па просьбе чалавека бог спачатку забраў ад яго бяду, сьлязу і хваробу і замест іх даў волю, шчасьце і здароўе; нарэшце забраў нават сьмерць ад яго. І вось "ішлі вякі, ляцеў час".

І прыходзіць чалавек да бога свайго і кажа:

— Божа, усё я зьведаў, усяго зазнаў, адна толькі рэч нязнаная мне засталася.

Бог і кажа:

— Чаго-ж ты, чалавек, хочаш?

— Сьмерці, — адказвае чалавек.

І бог даў чалавеку сьмерць".

У легендзе, такім чынам, выказваецца прымірэньне з бядой, сьлязьмі і нават са сьмерцю, як неабходнымі зьявамі. Так, зло у канчатковым выніку ёсьць, на думку поэты, нешта канечна патрэбнае для ўтварэньня сусьветнай гармоніі. Вось чаму, думаецца нам, гэта зло не выклікае ў большасьці выпадкаў асабліва злоснага абурэньня з боку Ядвігіна Ш. Супраць таго, што патрэбна, што зьяўляецца канечна патрэбным элемэнтам агульнай гармоніі, немагчыма абурацца; над гэтым можна толькі добрадушна сьмяяцца, асьвятліць яго мяккімі праменьнямі гумору.

Элемэнты сюжэтнай композыцыі сваіх твораў Ядвігін Ш. чэрпае з розных крыніц. Ён апрацоўвае вандроўныя анэкдоты, выкарыстоўвае народную творчасьць, бяручы адтуль розныя сродкі і прыёмы, напр., мотыў а зьвярынай мове, малюнак вясельля птушак, вобраз жанчыны, якая скардзіцца дрэву, прыём пэрсоніфікацыі адцягненых паняцьцяў; сустракаем у яго і сюжэты легендарна-апокрыфічныя ("Баба"). Але большай часткай сюжэты Ядвігіна Ш. навеяны бытам, крыніцай іх зьяўляецца назіраньне над жыцьцём вясковай і гарадзкой беднаты.

Звычайнымі літаратурнымі жанрамі ў Ядвігіна Ш. зьяўляюцца байка і новэля, якія з боку пабудовы вызначаюцца зграбнасьцю і згушчонасьцю зьместу: у рамкі кароткага апавяданьня пісьменьнік звычайна ўкладае рознастайныя мотывы соцыяльна-бытавога і псыхолёгічнага характару.

У адносінах соцыялёгічных творчасьць Ядвігіна Ш., як мы бачылі, не вызначаецца сваёй цэльнасьцю: ён адным