Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/172

Гэта старонка была вычытаная

лавек у двох плянах выяўленьня яго істоты, — у пляне комічнай недарэчнасьці і трагічнага патосу моральных і душэўных пакут. Выяўленьню гэтых двох плянаў і служаць акрэсьленыя вышэй композыцыйныя прыёмы пісьменьніка. Так, напр., комічны эфэкт у апавяданьнях Ядвігіна Ш. дасягаецца прыёмамі сказу і адзіўленьня; яго соцыяльнай і псыхолёгічнай патэтыцы адпавядае момант Spannung паасобных новэль, прыём трагічных канцовак, лірычнага пярсьцёнка і г. д.

Паколькі чалавек у пэўных соцыяльных абставінах для Ядвігіна Ш. прадстаўляе сабою "меру усіх рэчаў", то адсюль і вынікаюць галоўныя яго стылістычныя прыёмы. Пісьменьнік шырака выкарыстоўвае сродкі, якія сынтэзуюць прыроду і чалавека. Для Ядвігіна Ш. характарнымі зьяўляюцца ўсходзячыя параўнаньні; напр., у яго чытаем: "Ліплі крываважоўтыя лісты да тоўстых сьцен больніцы, як-бы падслухаць хацелі, што чутна за імі, і ліплі крывава-жоўтыя лісты да памуцеўшых шыб, як-бы заглянуць хацелі". Але асабліва шырака разгарнае пісьменьнік прыём пэрсоніфікацыі: у яго дуб-дзядуля, зграбныя елачкі, "хоць сварлівыя, але сэрца добрага-сасонкі"... "асінкі пашаптушкі" набываюць аблічча людзей; уласьцівасьць гутаркі надаецца хлебу, кусьцікі ўвасабляюцца ў вобразе людзей і г. д.

Так, у Ядвігіна Ш. паасобныя цаглінкі яго тэматыкі і формальна-мастацкіх сродкаў, як і ў кожнага сапраўднага мастака, зьвязаны адзіным цэмантам ярка выяўленага поэтычнага сьветаадчуваньня.

АЛЕСЬ ГАРУН

Алесь Гарун, сапраўднае прозьвішча якога Прушынскі, нарадзіўся ў Менску 27 лютага 1887 году ў сям'і чорнарабочага. Рана будучы пясьняр зазнаў беднасьць і матар'яльныя недахваткі, але рана пачалі выяўляцца ў ім і багатыя здольнасьці: 5-гадовы, маленькі хлапчук ужо чытаў парасійску і папольску; на 7-ым годзе пачаў хадзіць ён у прыходзкую школу, дзе ў 3-ім аддзяленьні давялося яму прабыць