Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

бойствамі паноў. Беларускі губарнатар, апісваючы немагчымае становішча сялянства, выказвае думку, што такое становішча зьяўляецца небясьпекай для дзяржавы. У такім-жа духу выказваецца і Віцебскі губарнатар у 1835 г.

Апроч паўстаньняў і бунтаў, былі ў сялян і другія спосабы вызваленьня ад панскага ўціску: павялічваюцца іх уцёкі на поўдзень; пашыраюцца самагубствы, якія часам набываюць масавы характар; для такіх сялян, скончыўшых жыцьцё самагубствам, устанаўляецца нават офіцыяльная назва "скоропостижно умершие“; у некаторых паветах такіх "скоропостижно умерших" былі сотні.

Такім чынам, соцыяльна-экономічнае становішча сялянства ў эпоху прыгоннай гаспадаркі ўяўляе сабой жудасную трагедыю,—трагедыю часам крывавую.

Політычна-нацыянальнае становішча сярмяжнай Беларусі таксама было вельмі сумнае. За Кацярынай ІІ панавала русыфікатарская політыка: беларускія землі ўрад раздаваў рускім паном, асабліва вялікія падарункі дасталіся фаворытам царыцы; замест Літоўскага Статуту заведзена было "Соборное Уложение царя Алексея Михайловича"; выяўлялася імкненьне пашыраць сярод беларусаў праваслаўе за кошт каталіцтва і вуніяцтва; на Беларусі засноўваюцца расійскія школы і г. д. За Паўлам І політыка істотна зьмяняецца ў бок падтрыманьня польскага элемэнту на Беларусі. Узмацняецца польскае зямляўласьніцтва; падтрымліваецца каталіцтва, польская культура. Полёнофільская політыка расійскага ўраду яшчэ больш узрастае за Аляксандрам І; у польскіх патрыотаў абуджаюцца нават надзеі на аднаўленьне з дапамогай цара Рэчы Посполітай. За Мікалаем І політыка зноў крута зьмяняецца ў кірунку насаджэньня расійскай культуры.

Гэта політыка расійскага ўраду, якая ня мела стала вытрыманай лініі і кідалася ў бок то полёнізацыі, то русыфікацыі, зразумела, хваравіта адбівалася на нацыянальным становішчы Беларусі.

Беларуская культура, пасьля росквіту ў XVІ в., пад уплывам полёнізацыі пачала занепадаць яшчэ ў ХVІІ і XVІІІ сталецьці. Беларускае пісьменства, перад тым меўшае такіх выдатных прадстаўнікоў, як Фр. Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі ды інш., за гэтыя два вякі прадстаўляе са-