Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/187

Гэта старонка была вычытаная

поэты ў галіне беларусазнаўства. Гаворачы наогул, "Максім-кніжнік" ня быў актыўным грамадзкім дзеячом і ня быў нават звычайным абавязковым заўсягдальнікам таго ці іншага грамадзкага асяродзьдзя, таму што ён вельмі аддаваўся сваім габінэтным заняткам"[1].

Пасьля сканчэньня Ліцэю ўвосені 1916 г. М. Багдановіч пераехаў у Менск, дзе адразу быў прыняты на службу ў Губэрскі Харчовы Камітэт. Але ў Менск пясьняр прыехаў ужо з надарванымі сіламі, хворы на сухоты. Цяжкія ўмовы жыцьця, прыкрыя політычныя абставіны таго часу ў Менску яшчэ больш падарвалі яго ўжо і без таго надламанае здароўе. У канцы лютага 1917 г. паехаў поэта ў Крым палячыцца, але было ўжо позна... 25 мая ў Ялце пясьняр памёр. На ўбогіх брацкіх могілках, на ўскраіне гораду знаходзіцца адзінокая магіла поэты. Сярод разбураных жабрацкіх крыжоў здалёк відаць над ёй пастаўлены інстытутам Беларускае Культуры невялічкі помнік, але ня родная бяроза схіляецца над ёй сваімі прыветнымі галінамі—недалёка глядзяцца ў самае неба высокія зграбныя кіпарысы: нібы вартаўнікі, адны яны ахоўваюць магільны супакой беларускага песьняра.

Бязьлітасная сьмерць падсьцерагла М. Багдановіча, такім чынам, на парозе залатога юнацтва і сьпелага муства. Пясьняр адышоў у нябыт у самым росквіце сваіх мастацкіх сіл і магчымасьцяй. Але і тая літаратурная спадчына, якую пакінуў ён нам, мае ў сабе сапраўдня дыямэнты поэзіі.

Творчасьць Багдановіча дзівіць нас, папершае, багацьцем і рознастайнасьцю сваёй тэматыкі[2].

Беларускі пясьняр з захапленьнем цытуе расійскага поэту Фета: "Оглянись—и мир вседневный многоцветен и чудесен". І сам ён сапраўды імкнуўся ўвабраваць у сябе гэтую квяцістасьць наўкольнага сьвету; на ліры песьняра пераліваюцца шматкалёрныя фарбы, на яе струнах гучаць цудоўныя акорды рознастайных мотываў.

  1. Проф. І. Замоцін. М. Багдановіч. Крытычна-біографічны нарыс. "Узвышша" № 2, стар. 121. З гэтага нарысу і ўзята намі агульная біографічная канва.
  2. Інстытутам Беларускае Культуры выданы ў 1927 г. І том збору твораў Багдановіча; зараз у рыхтуецца ўжо ІІ том, куды ўвойдуць крытычныя і публіцыстычныя артыкулы песьняра.