Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

таваны чалавек, можа селянін, свае навуковыя веды дапасуе да тлумачэньня фактаў добра вядомай яму роднай мовы. Абмяжоўваючыся цяпер толькі кароткімі ўвагамі агульнага зьместу, Чачот адзін з першых робіць акрэсьленую і досыць выразную характарыстыку беларускай мовы, адзначаючы асаблівасьці яе гукаў і форм. На яго думку, крэвіцкая гутарка займае сярэдзіну між польскай, расійскай і украінскай мовамі: украінская, або палянская, у сваім ладзе і вершаскладаньні больш падобна да польскай, крэвіцкая—да расійскай. Закранаючы пытаньне аб правапісе, ён выказваецца за фонэтычны прынцып яго: імкнецца пісаць так, як вымаўляецца. Вызначае наш аўтар і шлях лепшага выучэньня мовы.

„Пазнаньню крэвіцкай мовы, — кажа ён,—дапамагло-б прыслухоўваньне да хатняй гутаркі сялян. Але гэта было-б нялёгка для апранутага ў сурдут, і яму трэба было-б толькі пераапрануцца ў сярмягу і ісьці, як чужому чалавеку, на вечарніцы або ў карчму. Але куды больш спадручны спосаб наўчыцца мове і рабіць над ёю назіраньні, быў-бы той, калі-б хто стаў слухаць і з дакладнасьцю запісваць казкі"...[1]

Да гэтых разважаньняў у шостай кніжцы далучаецца збор прыказак, невялічкі слоўнік для тэкстаў песьняў, збор ідыотызмаў крэвіцкай мовы, некаторыя этымолёгічныя ўвагі і артыкульчык а падабенстве славянскіх моваў і санскрыта.

Такім чынам, романтычнае замілаваньне да беларускай народнасьці выявілася ў Чачота ў тым, што ім досыць уважна абхоплены істотныя адзнакі гэтай народнасьці: мова і творчасьць.

Але Чачот прадстае перад намі ня толькі ў постаці романтыка, але і ў постаці філянтропа-народалюбца. У яго мы знаходзім шчырую любоў да сярмяжнага гарапашніка, шчырае спагаданьне народнаму гору ды імкненьне прыйсьці на дапамогу. Пісьменьнік высока цэніць выдатныя моральныя якасьці народу. У прадмове да сваёй першай кніжкі ён, напрыклад, кажа: "сяляне нашы—народ добры, пакорлівы, любячы працу, пачэсны, павінны адбуджаць у нас самыя дображаданыя да іх пачуцьці. З імі мы можам быць шчасьлівы.

  1. Пыпин. 52.