Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/65

Гэта старонка не была вычытаная

разьдзелы. Першы разьдзел малюе нам падрыхтоўку да сьвята дажынак—выбар "царыцы дня", асобнай дзяўчыны, якая павінна паднесьці пану вянок. На гэтую ролю маецца дзьве прэтэндэнткі—Тадорка і Агатка; трэба выбраць найбольш сумленную.

Выбар адбываецца шляхам варажбы: пад рэшата ў цемры хаваецца певень, выпацканы сажай; робіцца папярэджаньне, што чалавек з чыстым сумленьнем можа сьмела падыходзіць і гладзіць пявунчыка; наадварот, у каго сумленьне нячыстае, таму лепш не падыходзіць, бо певень пры яго прыбліжэньні закрычыць. Агатка ў мінулым дапусьціла ашуканства у стасунку Тадоркі—хацела адбіць ад яе прыгожага дзяцюка Домку шляхам хлусьні і інтрыганцтва; цяпер Агатка баіцца падыйсьці да пеўня, і рукі ў яе аказваюцца чыстымі; у Тадоркі, якая сьмела падышла і пагладзіла пеўня, яны аказаліся выпацканымі сажай. Хітрыкі варажбы выкрываюць такім спосабам ашуканства Агаткі. "Царыцай-дня" абіраецца Тадорка. У другім разьдзеле апісваецца дажыначнае сьвяткаваньне з яго абрадамі, частаваньнем, забаўкамі і г. д.

Прастаце сюжэтаў у творчасьці Дуніна-Марцінкевіча адпавядае і нескладанасьць мотываў яе. Па галоўных адзнаках сваёй музы Дунін-Марцінкевіч—спозьніўшыся прадстаўнік сантымэнталізму. У яго заўважаецца пачуцьцёвасьць, якая даходзіць часам да нуднай саладкавасьці; у гэрояў пісьменьніка свайго роду гіпэртрофія сэрца, яны вызначаюцца далікатнай чуласьцю сэрца і сьлязьлівасьцю, у радасьці і горы праліваюць яны шмат сьлёз. У "Гапоне" разлучаная з сваім каханым Кацярына

...У садочку
Дый у цёмным кусточку
Горкі сьлёзкі вылівала,
Сваю долю праклінала.

Гэтак сама і ў радасьці, пры спатканьні з Гапонам, праліваюцца сьлёзы:

Як глянула Кацярынка,
Здрогнула, маўляў, асінка,
Сьлёзкі брызнулі з вачэй;
Ручкі на грудзех злажыла;
Быццам другі раз ажыла:
Гапон нашоўся пры ей.