Выразна выступае ў творчасьці Дуніна-Марцінкевіча плынь мастацкага фольклёрызму. Пісьменьнік, відаць, шчыра любіў народную песьню, і ў сваёй творчасьці адводзіць ёй шырокае месца. Народная беларуская песьня з яе рознастайнымі адценьнямі вельмі часта ўводзіцца ім у творы. Тут мы чуем сумна-жаласьлівыя гукі народнай скаргі, як, напр., у бытавой песьні, якую сьпявае Кацярына ў разлуцы з Гапонам:
- Родная ты мая маці,
- Пажалей свайго дзіцяці,
- Сьлёзкі яго асушы...
- Дзе-ж Гапонька наш дзяецца?
- Як беднаму там вядзецца?
- Цяжэнька-ж мне на душы.
- Яшчэ-ж каб Усьціньня жыла,
- Яна-б з намі патужыла,
- Утраім было-б лягчэй;
- А то цёмная магіла
- Яе, родную, пакрыла,
- Не змагла тугі сваей.
Ведае пісьменьнік і бадзёры разгул, які выліваецца ў гуках вясёлай таночнай песьні, напр.
- Эй, чух, Кацярынка,
- Чабоцікі красны;
- Каму блішчаць, каго любяць,
- Тваі вочкі ясны.
- Эй, чух, Кацярынка,
- Тваі кудры ўюцца,
- Скачэць, пляшэць мая міла,
- Аж шчочкі трасуцца.
Відаць, гэтыя песьні большай часткай браліся Дуніным-Марцінкевічам з вуснаў народу ў гатовым відзе і ўносіліся ім у творы бяз усякіх зьмен. Асабліва гэтымі песьнямі перасыпаны ў беларускага аўтара апісаньні народных абрадаў, якія сустракаюцца ў яго ў кожным творы. Кола народнай абраднасьці прадстаўлена пісьменьнікам ва ўсіх яе галоўных момантах. Так, у „Гапоне“ абрысавана беларускае вясельле: перад намі праходзіць сватаньне з яго характарнымі прыказкамі і нямінучымі запоінамі, заручыны, запяканьне караваю і, нарэшце, самы шлюб. У "Шчароўскіх Дажынках", як паказвае самая назва, абмалёвана вясковая