Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

прыгоннай пары,—паводле звычайнага для пісьменьніка трафарэту, пан вельмі добры і чулы сэрцам:

Як родны бацька быў ён для чэлядзі,
Любілі яго ў цэлай грамадзі.

Так Дунін-Марцінкевіч ідэалізуе і ўзаемаадносіны паміж панствам і сялянствам. Мы ведаем, што ў прыгонную пару гэтыя ўзаемаадносіны ўсё больш і больш набывалі характар цяжкай соцыяльнай колізіі і да таго колізіі часам крывавай. Беларускі аўтар ня бачыць трагічнага боку рачаіснасьці, шляхецка-клясавая псыхолёгія скрыўляе кут яго зроку, і дзейснасьць паварачаецца для яго сваім другім бокам: замест трагедыі перад намі манерна-саладкаватая ідылія, якая выстаўляе паноў у ненатуральна-штучным выглядзе нейкіх бацькоў у стасунку да сваіх прыгонных. Эксплёататарам надаецца роля нейкіх пратэктараў і абаронцаў, якія падтрымліваюць сваіх "мілых мужычкоў" у горы падзяляюць іх радасьці. Напр., пані бярэ самы непасрэдны удзел у вясельлі Гапона і Кацярыны:

А пані—ня пані, маці.
Маўляў, роднаму дзіцяці
Прыгожы пасаг дала,
Радасну сьлёзку ўраніла,
Маладых благаславіла,
Сама к вянцу павяла.

У часе дажынак, спраўляючы сьвяткаваньне, "паніч маладзенькі" гэтак сама выяўляе вельмі чулыя і простыя адносіны да сваіх прыгонных:

Расплакаўся пан добры, рад, баш, прыгаворцы,
Зьняў з галоўкі вяночак, а краснай Тадорцэ
Сунуў у белу ручку аж два карбаванцы.

Багата пачаставаўшы сялян, паніч потым прымае ўдзел у іх забаўках: "карагодам правіць з панічом Тадорка". Адным словам, даецца чароўны малюнак нейкага казачнага жыцьця. Недарма і сам аўтар, як-бы адчуваючы фальшывасьць і надуманасьць падобных малюнкаў, звычайна канчае іх традыцыйна казачнай формуляй, як, напр.:

Я на том вясельлі быў,
Піва, мёд, гарэлку піў,
У роце здаволь было,
Аж па барадзе цякло.