Старонка:Нарысы гісторыі беларускай літаратуры.pdf/95

Гэта старонка была вычытаная

А хоць сілай, нават, адарвалі-б з дому,
Калісьці вярнуўся-б, як мядзьведзь да лому;
Заваліцца хата, зарастуць пакосы, -
Усё-б я вярнуўся, хоць голы ды босы.

Ня цяжка ў гэтым вершы заўважыць аўтобіографічную аснову: поэта сам бадзяўся на чужыне, доўгі час жыў на багатай Украіне, але, відаць, заўжды яго цягнула з зямлі ўраджайнай на сваю бяднейшую, але за тое родную і любую сэрцу зямельку-Беларусь, і апошні прытулак ён знайшоў у роднай Ашмяншчыне.

Сам гэтак моцна адчуваючы сувязь з роднай краінай, Багушэвіч абураецца супраць рэнэгатаў, адшчапенцаў ад роднай глебы. Помнік гэтага абурэньня-верш "Калыханка". Тут малюецца вобраз сялянкі, якая над калыскай сына марыць аб яго долі. Перад ёй разгарнаюцца розныя малюнкі магчымай будучыны дзіцëнка, паўстае думка, што можа ён зробіцца калі панам; спачатку гэта пэрспэктыва зачароўвае маці, але потым яна з ненавісьцю адхіляе гэткую магчымасьць пры думцы, што панства зьвязана з прыгнечаньнем другіх і рэнзгацтвам, адмаўленьнем ад роднага. Маці ў сваёй калыханцы сьпявае:

Можа будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам:
Людцаў божых будзеш біці,
Цяжка будзе ў сьвеце жыці;
Будуць клясьці як ліхога.
Прасіць сьмертухны ад бога...

Тады матка прыдзе ў госьці, -
Сын выкіне стары косьці;
Жабруючы, пойдзе ў вёску,
Будзе прасіць матку боску,
Каб забыцца ёй аб сыне.
Каб ня ведаць, дзе ён згіне.

Беларускі народ, страціўшы пачуцьцë нацыянальнай сьвядомасьці, сымболічна прадстаўлены ў вершы: "Хмаркі". "Хмаркі" ня ведаюць, дзе яны радзіліся, дзе "тутэйшымі" называліся, гэтак і беларускі народ ня ведае сваёй айчыны. У апошніх двух строфах вершу мы знаходзім асабліва маляўнічы па форме і багаты на зьмест зварот поэты да хмарак: