АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.
паведным павялічэньнем сярэдніх палёў на фасадах, пры агульных амаль што квадратовых плянах, — з чым смаленскія пабудовы ня маюць беспасрэднае сувязі. Дый наагул для самых смаленскіх конструкцый нельга паказаць на абы-якія бясспрэчныя крыніцы, ані ў заходніх, ані ва ўсходніх архітэктурных формах. Не дакранаючыся конструкцый, гэтыя формы, аднак, як мы зазначалі, выяўляюцца ў дэталях: у пілястрах на альтарных апсідах у сьмядынскіх будовах, у трактаваньні надворных лапатак у відзе палавінных колюмн, у порталах, якія існавалі, напэўна, у смаленскіх цэрквах, калі судзіць па рэштках раскапанага ў 1926 г., невядомага будынку на Васкрасенскім узгорку[1]; магчыма, што чыста ўсходнюю, а можа занесеную праз пасрэдніцтва захаду форму мы маем у аркавых фрызах Петрапаўлаўскае царквы. Усе гэтыя дэталі накладалі, зразумела, пэўны адбітак на чыста надворнае аблічча смаленскіх будынкаў XII сталецьця. Але ў конструкцыйным сэнсе яны не зьяўляліся істотнымі, і ў гэтых адносінах смаленская эволюцыя архітэктурных форм мае хутчэй рысы вядомае самастойнасьці, ніж залежнасьці ад якіх-колечы іншых асяродкаў царкоўнага будаўніцтва данай эпохі.
Аналёгічны апісаным намі помнікам архітэктурны тып паўтараецца з нязначнымі відазьменамі ў царкве Яна Багаслова — па старадаўнім найменьні „Багаслова ва Ўражку”, — пабудаванай у панаваньне князя Рамана Расьціславіча, г. зн, паміж 1160 і 1180 годам[2]. Падобна да Петапаўлаўскай, царква гэтая два разы — у 1763 і 1786 годах — падлягала пераробкам, прычым відазьмянілася яшчэ болей за апошнюю, бо ўвесь ніжні паверх яе разам з уваходамі быў засыпаны зямлёю і друзам, усходнія слупы падменены новымі, зусім сточаны і зьнішчаны надворныя лапаткі, апроч рагавых, і перароблена нарэшце ўсё накрыцьцё, — так што ў цяперанші час ад старой царквы захаваліся, у сутнасьці, толькі муры і альтарныя апсіды, у якіх, аднак, зроблены новыя вокны, старыя-ж, падобна да Петрапаўлаўскае царквы, закладзены. Такім чынам, як аб нутраной конструкцыі царквы, так і аб першапачатковым надворным выглядзе яе ў цяперашні час судзіць досыць цяжка. Трэба думаць, аднак, што тут меў месца даволі чыста вытрыманы чатырохслуповы кубічны тып, прычым асаблівасьці, што набліжаюць яго да Петрапаўлаўскае царквы, — гэта аналёгічнае разьмяшчэньне слупоў з адпавед-