АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.
у Багаслоўскай царкве; у XVII сталецьці, у часе пераробак, якія зьнішчылі і ранейшае пакрыцьцё, прыбудоўкі гэтыя былі павялічаны ў вышыню і зроблены як-быццам аддзяленьнямі самае царквы, так што апошняя атрымала крыжападобную ў пляне форму; але пры выпадковым ападзе тынку ў сярэдзіне царквы, а таксама ў часе рэмонтных прац 1891 г. выявілася, што на вышыні 4 мэтраў у гэтых прыбудоўках над старадаўняй кладкай XII сталецьця пачынаецца іншая болей позьняя кладка; значыцца, у першапачатковай конструкцыі яны мелі параўнальна нязначную вышыню; аднак, ня гледзячы на гэта, магчыма, што яны да вядомай ступені гралі ў гэтай конструкцыі ролю нейкіх контрфорсаў, служачы для надворнага падтрыманьня муроў, крыху болей высокіх, ніж гэта было наагул звычайным у смаленскай архітэктуры таго часу.
Найбольшае ўвагі заслугоўвае конструкцыя альтарнае часткі, дзе ў першы раз ужыта тая спрошчаная форма, якую пазьней мы можам сустрэць у некаторых помніках наўгародзкага будаўніцтва XIV сталецьця. Прынцып патройнага падзелу альтара тут яшчэ захаваны, але адзначаная намі ўжо ў Петрапаўлаўскай царкве тэндэнцыя да паніжэньня апсід знайшла сабе яшчэ болей яснае выяўленьне, асабліва ў адносінах да апсід бакавых, відазьмена якіх, характэрная для Сьвірскае царквы, паўтарылася потым у Ноўгарадзе, разам з бакавымі прытворамі, як літаральны сколак з гэтага орыгіналу, напрыклад, у царкве Параскевы Пятніцы. Праўда, у Ноўгарадзе пэўная відазьмена бакавых апсід адбывалася, часам, яшчэ і раней, нават у канцы таго самага XII сталецьця, выяўляючыся ў некаторым іх паніжэньні ў параўнаньні да асяродкавай апсіды, пры захаванні ранейшай акруглай формы, першы прыклад чаму мы сустракаем у царкве Тамаша апостала на Мячыне 1196 г., г. зн. толькі на два гады пазьней за Сьвірскую царкву. Магчыма, што аналёгічны процэс спрашчэньня альтарных конструкцый меў месца ў Смаленску і ў Ноўгарадзе адначасна, так што конструкцыя царквы Тамаша апостала ня мела з Сьвірскай царквой беспасрэднае сувязі, тым болей, што ўжо вельмі хутка наўгародзкае будаўніцтва перайшло да аднаапсідных тыпаў царкоўных будынкаў, — мабыць, пад уплывам полацка-віцебскіх будоў. Ні ў якім разе, аднак, гэтага нельга сказаць аб царкве Параскевы Пятніцы, конструкцыя якой выяўляе простую залежнасць ад Сьвірскай царквы, што, між іншым, часткова ўжо вызначалася ў спэцыяльнай літаратуры[1]. У Сьвірскай царкве конструкцыя гэтая характарызуецца тым, што спрашчэньне апсід не абмежавалася толькі іх паніжэньнем, але пацягнула за сабой як агульнае зьмяншэньне
- ↑ Пар., напр.: А. Некрасов. Византийское и русское искусство. М. 1924, стар. 79–80.