Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/108

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

ловы XII сталецьця, — магчыма, праўда, на старым фундамэнце першапачатковае аднайменнае царквы, як гэта было ў звычаі.

Крыху болей мы маем падстаў, каб аднесьці некаторыя архітэктурныя рэшткі да канца XI, або да пачатку XII сталецьця, як, напр., руіны самай старой царквы з ліку будынкаў б. Барысаглебскага манастыра на Бельчыцы ў Полацку. Руіны гэтыя сьведчаць, што першапачаткова і ў Полацкай зямлі, аналёгічна Смаленску, ужываўся пашыраны ў тыя часы трохапсідны кубічны тып. На жаль, аднак, амаль што поўнае зьнішчэньне руін не дае магчымасьці прасачыць тыя дэталі, якія ў даным выпадку маглі-б быць характэрнымі. У агульных рысах конструкцыя царквы[1] можа быць адноўлена як чыста кубічная, з правільным квадратам у пляне і трыма ўсходнімі апсідамі, з якіх цэнтральная значна болей і шырэй за бакавыя; у сярэдзіне знаходзіліся чатыры крыжападобныя ў разрэзе слупы, і паміж іх два меншыя, квадратовыя ў разрэзе, якія служылі, магчыма, для падтрыманьня бакавых хор. Прысутнасьць гэтых дадатковых слупоў — адзіная вартая ўвагі асаблівасць, паколькі конструкцыя царквы наагул выразана чатырохслуповая.

Прыблізна да таго-ж самага часу належаць і рэшткі старадаўняй полацкай Сафіі, якія цяпер уваходзяць у склад барочнага будынку уніцкай катэдры, пабудаванай у палове XVIII сталецьця. На ўсходнім баку гэтае катэдры, зьвернутай сваёй альтарнай част-

  1. Прыблізны плян яе складзены Павлиновым: Древние храмы Витебска и Полоцка, стар. 11–12.