Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

гладкія простыя вуглы па рагох, з аднэй толькі асноўнай альтарнай апсідай, моцна высунутай уперад. Конструкцыя гэтая сустракаецца ў віцебскай царкве Добравешчаньня, а таксама ў саборнай царкве Спаса-Ефрасіньнеўскага манастыра ў Полацку; апроч таго, ёсьць падставы лічыць, што першапачаткова яна мела месца таксама ў Барысаглебскай і Пятніцкай цэрквах полацкага Бельчыцкага (Барысаглебскага) манастыра. У пахаджэньні сваім яна ўсходзіць да сірыйскай базылікі ІV–V сталецьця, дзе ўпяршыню замест малых апсід зьявіліся маленькія чатырохкутныя памяшканьні з бакоў асяродкавай многасьценнай або круглай апсіды, лепшым узорам чаго можа быць, напрыклад, базыліка ў Кальб-Луажхе[1]. Падобная сыстэма пазьней ужывалася і ў цэнтрычных будынках, як, напр., у Эсрэ[2], пашырыўшыся далей у V–VI сталецьцях у межах Малое Азіі, дзе мы знаходзім яе, напрыклад, у Мірлікійскай базыліцы Міколы[3], у Бінбіраілісе[4] і ў інш. мясцох. У далейшым яе разьвіцьці ў тоўшчу ўсходняе сьцяны ўцягнулася таксама і асяродкавая апсіда, так што з надворнага боку ўсходні фасад зрабіўся зусім роўным і толькі ў некаторых выпадках намечаныя ў ім нязначныя вэртыкальныя паглыбленьні выяўлялі нутраны падзел альтарнае часткі. Прыкладамі такога тыпу ў Сірыі зьяўляюцца цэрквы Сакузы[5], Руэйха[6] і Турманіна[7], у Бізантыі — царква Ірыны 532 г.[8] (пры базылікальным пляне), нарэшце ў архітэктуры Каўказа: царква Рыпсімы ў Вагаршапаце[9] і царква ў Нікарцміждзе[10] VII сталецьця, сабор у Ані[11] і царква ў Даліскане[12] ІХ–Х ст., Кутаіскі сабор[13] і царква ў Бэдыі[14] XI–XII ст. Але побач з гэтым у каўкаскім будаўніцтве, як, напр., у царкве ў Хопі[15], сустракаецца і чысты сірыйскі тып з высунутай асяродкавай апсідай і захаваньнем бакавых у тоўшчы сьцяны, прычым апошнія з нутранога боку набылі паўкруглую форму.

Такі самы тып мы знаходзім у Віцебску і Полацку. Прынцып першапачатковае сірыйскае конструкцыі захаваны тут цалкам, так што паўкруглая асяродкавая апсіда надзвычайна энэргічна

  1. Edouard Corroyer. L’architecture romane. Paris. 1888. Мал. 43.
  2. Некрасов. 14, мал. 13.
  3. Ibidiem, 18, мал 15.
  4. Ibidiem, 17, мал. 18.
  5. Corroyer, мал. 40.
  6. Ibidiem, мал. 48.
  7. Ibidiem, мал. 49.
  8. Голубовский, XVI, 1.
  9. Некрасов, 31, мал. 45.
  10. Ibidiem, 32, мал. 50.
  11. Ibidiem, 39, мал. 66.
  12. Ibidiem, 40, мал. 69.
  13. Русские древности, IV, мал. 39.
  14. Ibidiem, мал. 42.
  15. Ibidiem, мал. 55.