АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.
квадратовай аснове, з двох бакоў якой знаходзіліся болей нізкія часткі, г. зн. апсіда і прытвор[1]. Уся гэтая конструкцыя зьяўляецца зусім нязвычайнай у архітэктурным помніку XII сталецьця, ня толькі ў Беларусі, але і наогул, і набывае ў гісторыі нашага старадаўняга будаўніцтва вялізарнае значэньне. Памянёны намі Бруноў правільна падкрэслівае, што тут мы маем першы выпадак такой грунтоўнай пераапрацоўкі бізантыцкага ў сваёй аснове будынку, што помнік гэты ўжо нельга лічыць помнікам чыста бізантыцкага будаўніцтва[2], а таксама, што ў конструкцыі перакрыцьця ён зьяўляецца пэўным папярэднікам пазьнейшага маскоўскага будаўніцтва XV сталецьця. Магчыма, што правільны і дапушчэньні Брунова аб нейкай народнай аснове гэтага тыпу[3]. Але адначасна з тым разважаньні аўтара адносна магчымых крыніц яго ў кіеўскай архітэктуры, а таксама і некаторыя іншыя набліжэньні[4], ня вытрымліваюць з нашага пагляду ніякае крытыкі. На нашу думку тып гэты можа быць пастаўлены ў вядомую сувязь з архітэктурай Каўказу і наогул Усходу, дзе наглядаецца аналёгічная тэндэнцыя да паніжэньня прытвору і выдзяленьня цэнтральнае часткі; таксама ўсходняе пахаджэньне магла мець і трохдольная форма арак у падкумпальным постамэнце, асабліва прымаючы пад увагу чыста дэкорацыйны характар апошняга, а таксама і тое, што ўплыў сірыйска-каўкаскіх архітэктурных тыпаў адчуваецца тут і ў некаторых асноўных прыёмах, як, напрыклад, у конструкцыі альтарнае часткі. Што-ж датычыць далейшага ўплыву гэтага тыпу, дык нельга абмінуць і магчымасьць яго разьвіцьця ў трохдольныя фронтоны некаторых наўгародзкіх цэркваў ХІІІ-ХV сталецьця, што добра вызначыў у сваім дасьледваньні І. Хозераў[5].
- ↑ Пар., Брунов, ор. сіt., стар. 3 і 6.
- ↑ Ibidiem, 6. Аўтар, зразумела, кажа аб пераапрацоўцы на „русской почве“; мы кажам „зразумела“, бо з самай першай старонкі мы знаходзім у яго і"южно-русский" и „западно-русский“ — словам увесь апарат „вялікадзяржаўнай“ навукі; але цікаўна, ці доўга яшчэ расійскія дасьледчыкі будуць трымацца гэтай застарэлай тэрміналогіі? І ці ня досыць для іх сваіх-жа расійскіх аўторытэтаў, якія ў апошнія часы ўжо даведаліся аб тэрмінах „украінскі“ і „беларускі“ і навучыліся іх ужываць у правільным сэнсе?
- ↑ Ibidiem, стар. 7-8.
- ↑ Ад Кіеву, як мы зазначалі з самага пачатку, Полацак нічога не пазычаў з прычыны сталых варожых з ім адносін; каб бачыць у полацкай Спасаўскай царкве паменшаную копію кіеўскае Сафіі (стар. 7), — трэба мець занадта багатую фантазію, тым болей, што асаблівасьці полацкае царквы лёгка вытлумачыць з усходніх тыпаў; на сувязь з усходам, часткова з Каўказам, паказвае, праўда, і Бруноў у адносінах да царквы Добравешчаньня ў Віцебску (стар. 4), але зусім не разумее, відаць, характару гэтае сувязі; ён лічыць, што плян віцебскага будынку паходзіць з кіеўскага Міхалаўскага сабору, відазьмененага пад уплывам усходняй і заходняй архітэктуры, прычым усходнія рысы ён бачыць у суадносінах шырыні нэфаў, а заходнія ў базылікальнасьці пляну і ў конструкцыі бакавых апсід і лічыць, што злучэньне гэтых рыс магло адбыцца ў Галіцкім княстве; але гэта поўная бязглузьдзіца, бо базылікальныя пляны вельмі тыповы для архітэктуры Каўказу, а схаваныя ў сьцяне бакавыя апсіды — характэрны сірыйскі прыём, вядомы таксама на Каўказе. Заходнія рысы выяўляюцца ў Полацку зусім у іншых дэталях, якія маглі быць прыняты беспасрэдна, бяз усякага ўдзелу Галіцкага княства; аснова-ж — усходняя, што, апроч гандлёвых зносін, знаходзіцца, можа, у сувязі з вандроўкай на Ўсход закладчыцы полацкае царквы Ефрасіньні.
- ↑ Гл. яго артыкул „Да пытаньня аб Спасаўскай царкве ў Полацку“, стар. 289—291.