Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/125

Гэта старонка не была вычытаная

СПАСАЎСКАЯ ЦАРКВА І БУДЫНКІ НА БЕЛЬЧЫЦЫ.


З іншых конструкцыйных асаблівасьцяй Спасаўскае царквы перш за ўсё варта ўвагі кладка. У той час як у некаторых архітэктурных помніках Полацка-Віцебскай краіны, як, напр., у полацкай Сафіі і віцебскай царкве Добравешчаньня, — ужываецца мяшаная кладка з каменю і цэглы, у даным выпадку ўжыта чыста цагляная кладка, з асобным прыёмам машкіроўкі прамежкавых шэрагаў цэглы з дапамогаю досыць шырокіх пластоў надворнага тынку, чым дасягалася таксама, як і ў будынках Бельчыцкага манастыра, тая-ж першапачатковая паласатасьць фасадаў як і ў будынках, зробленых з цэглы і вапняку, пры большай, аднак, тэхнічнай лёгкасьці і таннасьці пабудовы[1]. Другая цікаўная дэталь — гэта надворная апрацоўка фасадаў пры дапамозе паўкруглых пілястраў. Аналёгічны прыём мы маем у Смаленску, але па рагох там яшчэ захаваны — у кожным выпадку ў сьмядынскіх будовах — звычайныя простакутныя лапаткі, у той час як тут усе лапаткі аздоблены поўкалёнкамі. Магчыма, што гэты прыём зьявіўся ў Полацка-Віцебскай краіне вынікам запазычаньня з захаду, або далейшым разьвіцьцём смаленскага тыпу; здаецца, аднак, што тут ён ня меў асабліва значнага пашырэння, паколькі побач з ім мы сустракаем і плоскія лапаткі, напрыклад, у Барысаглебскай царкве на Бельчыцы, якая ў формах сваіх амаль што адналькова са Спасаўскай, або там-жа ў Пятніцкай царкве, болей простага, таксама аднаапсіднага, але бясслуповага тыпу.

Абедзьве гэтыя цэрквы ў апошнія часы настолькі разбураны, што незаўсёды, нават, магчыма аднавіць асноўныя элемэнты іх конструкцыі. Разьбітая ў часе вайны Параскева-Пятніцкая царква (аб якой, між іншым, Сапуноў чамусьці памылкова паведамляе, быццам яна была збудавана ў 1670 г. — "Река Западная Двіна", 422) у сучасны момант мае выгляд рэштак невялічкага кубічнага будынку, ад якога захаваліся паўночны і паўднёвы муры, а таксама масыўныя перадальтарныя слупы, на палове сваёй вышыні злучаныя тоўстымі нутранымі сьценкамі з бакавымі мурамі. Старадаўняя кладка XII сталецьця з тонкае цэглы падымаецца да асновы былых скляпеньняў, а ў некаторых мясцох і крыху вышэй. У шмат якіх мясцох відаць пазьнейшыя папраўкі пры дапамозе больш буйное цэглы. З заходняга боку знаходзяцца рэшткі зруйнаванае пазьнейшае прыбудоўкі, і скляпеньне над засыпаным сутарэньнем, таксама пазьнейшага пахаджэньня; магчыма, што гэта і ёсць тыя будовы XVII сталецьця, аб якіх паведамляе Сапуноў, няправільна адносячы да іх усю царкву цалком. Падлога царквы зруйнавана. З надворнага боку бакавыя фасады маюць досыдь шырокія плоскія лапаткі па

  1. Асаблівасьць гэтая выкрыта досьледамі I. Хозерава, аб чым гл. яго артыкул, стар. 281–282. рыс. 2.