Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

маленькія простакутныя пакоі, — агульны-ж тып царквы застаўся строга кубічным, чатырохслуповым. Прыём гэты ў Ноўгарадзе быў некалькі раз паўтораны; аднак, бакавыя альтарныя памяшканьні ў хуткім часе былі зусім зьнішчаны, што замацавала чысты тып аднаапсіднае царквы, характэрны для наўгародзкага будаўніцтва эпохі росквіту; а крыху яшчэ пазьней ізноў пачалі ўжывацца трохчленныя падзелы муроў і трохапсідныя конструкцыі альтарных частак. Такім чынам, ва ўсіх сваіх дэталях полацка-віцебскія тыпы ў Ноўгарадзе не паўтарыліся, застаўшыся ў архітэктуры XII сталецьця наогул адным з найболей орыгінальных варыянтаў усходня-бізантыцкае тэмы, строга абмежаваным у сваім чыстым відзе на тэрыторыі Беларусі.

4.

Калажанская царква ў Горадні.

Асобнае месца у беларускай архітэктуры XII сталецьця займае так званая "Калажанская" Барысаглебская царква ў Горадні. Паўтараючы ў агульных рысах звычайны кубічны трохапсідны тып, яна ўхіляецца ад яго толькі ў некаторых дэталях, крыніцы якіх, аднак, немагчыма знайсьці ў іншых беларускіх помніках. Час пабудаваньня Калажанскае царквы дакладна невядомы. У інвэнтарным апісаньні горадзенскага Барысаглебскага манастыра ад 1738 году, якое было складзена базыліянскім архімандрытам Ігнатам Кульчынскім, памінаецца, між іншым, што "царква Барыса і Глеба пабудавана ў часе ўдзельных князёў, яшчэ да хрышчэньня Літвы"[1]. Гэта можа быць, зразумела, нічым не пагрунтаваным паданьнем; але кладка будынку, з дакладна апрацаваных цагляных плінф (памерам у 33,2x22,2x3,8 сант.), зьвязаных тоўстымі пластамі надзвычайна моцнага цэмэнту, блізка нагадвае прыёмы смаленскага будаўніцтва XII сталецьця, а таксама полацкай Спасаўскай царквы і руін манастыра на Бельчыцы; досыць тыповы і плян царквы ў тры нэфы, з трохапсіднай альтарнаю часткаю. Усё гэта дае вядомыя падставы лічыць упаўне магчымым аднесьці пабудову яе да XII сталецьця[2].

За доўгі час свайго існаваньня Калажанская царква не адзін раз разбуралася[3]. Найболей значная катастрофа зруйнавала яе ў 1853 годзе, калі з прычыны вясеньняга разводзьдзя з раптоўным апоўзкам берага Нёмну заваліўся ўвесь паўднёвы мур царквы і

  1. Памятники Древнего Русского Зодчества, изд. Имп. Академии Художеств, Петроград, 1900. Вып. VI, аркуш. 1. Замечательности Северо-Западного края, вып. I, Вильна, 1868. В. Грязнов: Коложская Борисоглебская церковь в г. Гродне. Вильна, 1893.
  2. Выказваліся думкі, што Калажанская царква належыць да болей позьняга часу; гл., напр., "Древности" Маскоўскага Архэолёгічнага Т-ва. т. VI. стар. LXV, увага 1. Нам здаецца, аднак, што дапушчэньне гэтае ня мае падстаў.
  3. Еп. Иосиф. Коложская в г. Гродне церковь. Воронеж, 1899. стар. 25–26.