Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/143

Гэта старонка не была вычытаная

Разьдзел III.


Замковае і ваеннае будаўніцтва Заходняе Беларусі ў XIII—XVI сталецьцях.


1.

Пахаджэньне першапачатковых тыпаў.

Пачынаючы з XIII сталецьця соцыяльна-экономічныя і дзяржаўна-політычныя ўмовы жыцьця Беларусі рэзка зьмянілі асноўную лінію разьвіцьця яе монумэнтальнай архітэктуры. Бізантыцкае ў сваёй аснове царкоўнае будаўніцтва, якое знайшло сабе глебу ў цягу папярэдняга сталецьця ў найболей выдатных асяродках паасобных стара-беларускіх княстваў, амаль што зусім прыпынілася ў эпоху тае грунтоўнае перабудоўкі нутраных політычных адносін на беларускай тэрыторыі, якая выявілася ў паступовай консолідацыі раней адасобненых беларускіх зямель навакол адзінага дынастычнага цэнтру, у форме суцэльнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Прычынай гэтага, з аднаго боку, зьявілася, напэўна, тое, што ў процэсе дзяржаўнага аформленьня Вялікага Княства Літоўскага былыя дзяржаўна-політычныя цэнтры пазбавіліся ранейшага свайго значэньня, новыя-ж асяродкі, ужо ня зьвязаныя гэтак шчыльна з праваслаўным культам, а разам з тым і наогул з формамі бізантынізаванае культуры, ня мелі належнага грунту, дзе магла-б працягнуцца і разьвіцца надалей тая-ж самая царкоўна-будаўнічая традыцыя. З другога боку, і самы гэты процэс адбываўся ў досыць напружанай атмосфэры барацьбы і змаганьня, дзе заставалася мала месца для мірнага культавога будаўніцтва: дзяржаўныя і політычныя інтарэсы адцягвалі ўвагу ў іншы бок. У кожным выпадку, за час з XIII і аж да самага канца XV сталецьця мы не знаходзім у Беларусі аніводнага монумэнтальнага помніку царкоўнае архітэктуры. Зразумела,