ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.
стылістычнага разьвіцьця ня толькі сьцісла ваеннага, але пазьней таксама цывільнага і нават царкоўнага будаўніцтва. Але трэба зазначыць, што тыя ўзоры, якія Беларусь сустрэла ў крыжацкіх будовах, і самі ня мялі ўжо характару цалкам чыстай паўночна-нямецкай готыкі, у далейшым-жа мясцовыя іх відазьмены яшчэ болей адхіляліся ў свой уласны бок у замковых будовах пазьнейшага часу на тэрыторыі заходняе Беларусі, што абумовіла сабой пэўны спэцыфічны іх характар, не бяз уплыву з боку памянёных намі вышэй мясцовых ваенных умацаваньняў прымітыўнага тыпу. Тут характэрна, што з самага пачатку, нават у крыжацкіх будовах на тэрыторыі Інфлянтаў, мы наглядаем значны ўхіл іх ад звычайных нямецкіх плянаў і форм, які, бясспрэчна, павінен тлумачыцца як вынік чыста-мясцовых асаблівасьцяй.
У самай Прусіі ўжо ў канцы XII і ў пачатку XIII сталецьця замковыя будовы канчаткова аформіліся як сталы архітэктурны тып з вялікай правільнасьцю і сымэтрыяй як у разьмяшчэньні паасобных частак, так і ў агульным характары пляну, вытрыманага звычайна ў форме чатырохкутніка, умацаванага масыўнымі мурамі і вежамі[1]. Крыжацкія-ж замкі, як у Ліфляндыі, так і ў Інфлянтах, мелі спачатку, наадварот, пляны зусім няправільныя, цалкам залежныя ад характару мясцовасьці, дзе быў узьведзены той ці іншы будынак, і больш-меньш правільныя формы мы бачым тут не раней XIV сталецьця. Тлумачыцца гэта, напэўна, тым, што ў першыя часы крыжацкія замкі ня зусім будаваліся нанова, але зьяўляліся толькі пераробкамі і далейшымі перапрацоўкамі заваяваных крыжакамі старадаўніх гарадзішчаў, паасобныя каменныя часткі якіх захоўваліся, магчыма, у гэтых пазьнейшых перабудовах, адбіваючыся, такім чынам, як у некаторых дэталях іх архітэктурнай конструкцыі, так і ў агульным характары плянаў[2].
Як на ўзор замковае пабудовы такога тыпу можна паказаць, напрыклад, на замак Волькенборг, які знаходзіўся калісьці між Дзьвінскам і Рэжыцай[3]. Ён меў форму няправільнае трапэзы, і быў збудаваны на верхавіне ўзгорку, скончанага з трох бакоў стромкімі абрывамі, а з чацьвертага — адхоным скатам. Самая верхавіна ўзгорку была ўмацавана парканам, а крыху ніжэй ён быў абведзены валам, насыпаным з зямлі і каменьня. З паўднёва-ўсходняга боку яшчэ да нядаўнага часу захоўваліся рэшткі абарончага муру, таўшчынёй да 3 мэтраў, складзенага з звычайнага валу новага каменьня і кавалкаў цэглы на вапнавай рашчыне. Да гэтага