Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

аддзяляе ў якасці форбургу ўсю заходнюю частку выспы даўгім мурам уздоўж усяе лініі берагу, умацаваным чатырма круглымі вежамі, з ліку якіх да сучаснага моманту захаваліся толькі дзьве. Зразумела, што ў мэтах найлепшае фортыфікацыі берагоў у даным выпадку было зусім натуральна адмовіцца ад правільнага чатырохкутнага расплянаваньня асноўных муроў, — і з гэтай прычыны чатырохкутны плян набыў тут толькі галоўны палац, у той час як самыя муры атрымалі няправільную ў пляне форму, у залежнасьці ад загібаў узьбярэжнае лініі.

У межах пляцу, абнесенага памянёнымі мурамі, знаходзіўся, напэўна, шэраг рознастайных будынкаў, але дакладнае аднаўленьне іх немагчыма, паколькі нават і нутраныя часткі самых муроў ужо пазбаўлены ў цяперашні час свае першапачатковае апрацоўкі і добра трымаюцца толькі ў сваёй асноўнай кладцы. Наогул, уся гэтая частка замку знаходзіцца ў горшым становішчы, ніж галоўнае палацавае памяшканьне, і больш-менш добра ў ёй захаваліся толькі дзьве масыўныя вежы з паўднёва-заходняга боку. У апошніх варты ўвагі некаторыя конструкцыйныя асаблівасьці, якія сьведчаць аб значным прогрэсе тэхнічных прыёмаў будаўніцтва ў Троках у параўнаньні да ўсіх ранейшых замковых будынкаў Беларусі. Асаблівасьці гэтыя выяўляюцца ў існаваньні асобных, складзеных з абчэсанага граніту фундамэнтаў, якія маюць на нізе — квадратовую, і крыху вышэй васьмісьценную форму, а таксама ў тым, что асноўныя круглыя корпусы вежавых будынкаў складзены тут выключна з аднае толькі цэглы, добра апаленай, вельмі трывалай і моцнай. У замковай архітэктуры Беларусі мы маем у даным выпадку першы прыклад ужываньня чыстае цаглянае кладкі ў асноўных масывах будынку, што набліжае замак у Троках да нямецкіх замковых пабудоў і сьведчыць аб болей інтэнсыўным уплыве з боку крыжацкае архітэктуры, пацьвярджэньне чаму мы знаходзім, як мы гэта ўбачым далей, таксама і ў некаторых іншых, чыста ўжо конструкцыйных рысах данага ўмацаваньня.

Дэталі конструкцыі замку ў Троках можна прасачыць, галоўным чынам, у яго палацавай частцы. Апошняя складаецца з двох досыць вялікіх паасобных будынкаў, на два паверхі кожны, фасады якіх злучаны між сабою супольнымі мурамі, што замыкаюць, такім чынам, нутраны панадворак. Усходні з гэтых муроў прыпадае на самы бераг выспы, у той час як заходні аддзяляў палац ад форбургу і меў пасярэдзіне ўваходную браму, над якой уздымалася надзвычайна высокая старажовая вежа. У цяперашні час ад гэтае вежы захавалася толькі задняя сьценка, самая-ж вежа была зьнішчана выбухам, які здарыўся ў часе вайны 1655 году, прычым абломкамі яе была засыпана брама; апроч таго, у абодвых будынках палацу разбураны скляпеньні ў перакрыцьці горніх паверхаў, а таксама няма вялікага кавалку ўсходняга муру, пачынаючы з сярэдзіны панадворку і канчаючы рогам паўночнага крыла. У агульных рысах, аднак, уся пабудова захавана яшчэ