Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У ТРОКАХ.

настолькі добра, што досыць лёгка скласьці сабе больш-менш яснае ўяўленьне як аб характары пляну яе, так і аб некаторых паасобных дэталях яе нутранога ладу і аздобы. У часе нямецкае окупацыі Беларусі такую працу, між іншым, вельмі ўдала зрабіў архітэктар Bernhard Schmid, плянам якога мы ў даным выпадку і карыстаемся[1].

Асноўны плян усяе палацавае часткі мае выгляд правільнага простакутніку ў 36,7 м. даўжыні і 26 м. шырыні. Старажовая вежа мела квадратовую аснову памерам 9x9 м. Вышыня яе дасягала шасьці, а можа нават і сямі паверхаў, што нельга дакладна высьвятліць пры сучасным становішчы яе пазасталых рэштак. Масыўны паўночны мур яе меў у сабе нутраную шрубавую драбіну, якая вяла беспасрэдна на трэці паверх, і ўжо адсюль усе іншыя паверхі былі злучаны між сабой звычайнымі ўсходамі. Вежа гэтая зьяўлялася досыць магутным абаронным умацаваньнем галоўнага фасаду палацу і брамы яго, якая выходзіла ў форбург; але наогул кажучы, пабудова ўсяе гэтае часткі ня мела асабліва значнага ліку згуртаваных у адным месцы спэцыяльных ваенна-абаронных прыстасаваньняў, і ў сувязі з гэтым ужо пазбаўлена характару раньняга сярэднявечнага замку, прызначанага выключна для вайсковых мэт. Замак у Троках зьяўляецца хутчэй умацаваным жылым памяшканьнем, як-бы злучэньнем ваеннае цытадэлі і вялікакняскае рэзыдэнцыі. Такое злучэньне намячалася, праўда, яшчэ раней, напрыклад у Крэўскім замку, — але там адна і тая самая будыніна грала ролю палацу і адначасна абароннае вежы; у процілегласць гэтаму, у даным выпадку функцыі паасобных частак будовы былі падзелены, так што абаронная вежа служыла толькі для ўмацаваньня і аховы сьцісла прылеглае да яе, але самастойнае палацавае часткі. У гэтых адносінах замак у Троках разьвівае далей прынцыпы пабудовы ў Крэве і ўтварае пераходны тып да пазьнейшых замковых будоў Беларусі XV і галоўным чынам XVI сталецьця, дзе адбываецца ужо канчатковае адасабленьне чыста палацавых і спэцыяльных вайсковых, фортыфікацыйных частак.

Вынікам ускладненьня агульнае конструкцыі замку ў Троках зьявілася адпаведнае ўскладненьне таксама і яго нутранога ладу як у адносінах да падзелу паасобных памяшканьняў, гэтак і ў сэнсе дэкорацыйнае іх апрацоўкі. Калі ў Крэве, а таксама, напэўна, і ў іншых першапачатковых замках, усе нутраныя часткі былі яшчэ драўлянымі, — дык тут мала трывалае дрэва ўжо ўсюды ў нутраных мурох і скляпеньнях заменена цэглай, а таксама вапняком, з якога высечаны нэрвюры скляпеньняў, пілястры і капітэлі. Нутраныя муры аздоблены алебастравымі рэльефамі і ў некаторых

  1. В. Schmid. Dіе Bugruine Traken. — "Das Litauen-Buch", выд. нямецкае 10 арміі, 1918.