Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/158

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

мясцох фрэскавым росьпісам. Усё гэта надае замку ў Троках рысы значна болей ясна аформленага і закончанага стылю, падмяняе ранейшую стылістычную нявыразнасьць першапачатковых замковых пабудоў Беларусі ў першы раз цалкам выяўленымі яснымі формамі высока разьвітае готыкі.

Як мы ўжо зазначалі вышэй, усё палацавае памяшканьне падзяляецца на дзьве асобныя часткі, кожная з якіх зьяўляецца як-бы самастойным будынкам. Дзьверы гэтых будынкаў выходзяць на нутраны панадворак, абмежаваны з усходняга боку — мурам, а з заходняга — старажовай вежай. Дакладна орнаментаваныя нутраныя муры гэтага панадворку яшчэ захавалі сьляды прымацаваных да іх раней драўляных галярэй, з дапамогай якіх адбывалася злучэньне паміж дзьвёх паасобных частак палацу. Паўднёвая частка болей і шырэй за паўночную, і мае выгляд двохпаверхавага будынку, у дольнім паверсе якога знаходзіцца адно вялікае памяшканьне памерам у 10x21 м. і вышынёю ў 5,25 м., а ў горнім тры паасобныя пакоі. Дольняе памяшканьне мела калісьці готычнае перакрыцьцё з трох зорчатых скляпеньняў, у асновах якіх яшчэ і цяпер захаваліся добра профіляваныя пучкі нэрвюр і высечаныя з вапняку капітэлі пілястраў. Паўднёвы мур яго мае тры вакны, а ўсходні і заходні — па адным, з паўцыркульнымі перамычкамі і фігурнымі налічнікамі; пралёты іх былі раней умацаваны жалезнымі кратамі, якія пазьней былі разламаны, у сувязі з чым часткова дэформаваліся і самыя абрысы пралётаў. У нішы сярэдняга вакна паўднёвага муру, надзвычайна глыбокай з прычыны моцнае таўшчыні апошняга, яшчэ да нядаўняга часу захоўваліся сьляды фрэскавых росьпісаў, якія раней былі ва ўсіх ваконных пралётах; іншыя-ж часткі муроў аздоблены алебастравым орнамэнтам, які праходзідь навокал усяго памяшканьня ў выглядзе фрызу на вышыны 3 мэтраў.

Паасобныя дэталі апрацоўкі памяшканьня сьведчаць аб блізкіх адносінах яго да крыжацкае замковае архітэктуры і выяўляюць працу вельмі дасведчанага і добрага знаёмага з готыцкімі конструкцыямі архітэктара. Гэта выяўляецца і ў дасканальным выкананьні зорчатых скляпеньняў як часткі ўжо досыць складанае готычнае сыстэмы, дый наагул у самым расплянаваньні палацу, які па істоце шмат у чым можа лічыцца толькі спрошчанай модыфікацыяй тыпу Рыскага або Вэндэнскага замку[1]. Магчыма, што ў даным выпадку, нават, мы маем справу ня толькі з надворным уплывам крыжацкае архітэктуры на беларуска-літоўскае замковае будаўніцтва, але і з фактам беспасрэднага ўдзелу нямецкіх будаўнікоў ва ўзьвядзеньні замку ў Троках, што магло быць, напрыклад, у цягу часовага замірэньня Вітаўта з крыжакамі ў 1390−1392 г.

Аднак і тут некаторыя дэталі засталіся ўсё-ж незалежнымі ад

  1. Пар., Essenwein: Der Wohnbau des Mittelalters. “Handbuch der Architektur”, IV, 2, стар. 41.