XVI сталецьця.
4.
Замак у Горадні і Горні замак у Вільні.
Шляхі, якімі накіравалася замковая архітэктура Заходняе Беларусі ў цягу наступнага, XV сталецьця, вядомы нам значна меней і не з такіх бясспрэчных крыніц як будаўніцтва папярэдняе эпохі. Калі ад ранейшага часу мы маем усё-ж больш-менш захаваныя рэшткі самых замковых будынкаў, якія могуць зьяўляцца прадметам беспасрэднага вывучэньня, — дык з гэтага пазьнейшага часу, наадварот, не засталося ўжо аніводнага помніку: у кожным выпадку няма падстаў, каб датаваць XV сталецьцем хоць-бы якую рэштку з ліку захаваных да нашага часу. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што пасьля перамогі і замірэньня з крыжакамі ў 1410 годзе замковае будаўніцтва Вялікага Княства Літоўскага зрабіліся наагул меней шырокім і інтэнсыўным, абмежаваўшыся пераважна перабудовамі і рэпарацыямі ўжо раней існаваўшых замковых умацаваньняў. Апроч таго, ня выключала магчымасьць таксама і пазьнейшае пераробкі некаторых замковых будоў XV сталецьця, якія будаваліся, пэўна, ужо па крыху іншых плянах, ніж першапачатковыя замкі, і значыцца ў пазьнейшыя часы — у XVI і XVII сталецьцях лепей за іх маглі быць шляхам гэтае пераробкі дапасаваны да новых мэт і патрэб. У выніках такой пераробкі, конструкцыі XV сталецьця нідзе не маглі захавацца ў сваім першапачатковым выглядзе, тым болей, што і наагул іх, напэўна, было ўжо ня так многа.
Знаёмства нашае з гэтым пэрыодам разьвіцьця беларуска-літоўскае замковае архітэктуры, з прычыны адсутнасьці помнікаў, можа быць пагрунтавана выключна на докумэнтальным матар’яле, які захавалі для нас некаторыя старадаўнія малюнкі і пляны. Сыстэматычнае вывучэньне гэтага матар’ялу не заўсёды прыводзідь да цалкам ясных і зусім бясспрэчных вывадаў, паколькі даныя яго вельмі часта патрабуюць крытычнае праверкі і не ва ўсіх выпадках могуць лічыцца пэўнымі. Яно дазваляе, аднак, да вядомае ступені запоўніць тыя прабелы, якія няўхільна павінны былі-б заставацца ў нашых студыях над гісторыяй беларускае архітэктуры, калі-б мы лічылі адзіна магчымым абапіраць гэтыя студыі выключна на беспасрэдным вывучэньні захаваных помнікаў, — і ў гэтых адносінах памянёныя матар’ялы маюць, бясспрэчна, значэньне вельмі каштоўнае і важнае крыніцы, якую нельга абмінуць бяз увагі пры гістарычным вывучэньні шмат якіх момантаў у разьвіцьці старога беларускага