Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/166

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

замковай архітэктуры Беларусі. Бясспрэчна толькі, як мы ўбачым далей, што ў XVI сталецьці яны ўжо канчаткова зьніклі, у той час як у цягу ХV-га мы знаходзім іх яшчэ адзін раз, апроч Горадні, таксама і ў Горнім замку ў Вільні, вядомым нам па рысунку з вышэйпамянёнай кнігі “Civitates orbis Terrarum” Брауна і Гогэнбэрга, а таксама і з некаторых іншых крыніц.

Наагул Горні Віленскі замак мае рысы значнага падабенства да Горадзенскага ўмацаваньня. Праўда, нават з старадаўніх рысункаў мы з ім знаёмы ня ў цэлым відзе, паколькі ў часе складаньня гэтых рысункаў ён быў, відаць, ужо часткова зруйнаваны і не адноўлены; лік гэтых рысункаў, аднак, не абмяжоўваецца толькі адным, што дае магчымасць параўнальнае іх праверкі і гэтым самым ставіць нашыя веды аб Віленскім Горнім замку на болей цьвёрды грунт. Сярод гэтых рысункаў на першым месцы можна памянуць рысунак з памянёнае кнігі Брауна і Гогэнбэрга 1576 г. Кніга гэтая мае дакладны плян Вільні сярэдзіны XVI сталецьця, пад загалоўкам “Vilna Litvaniae Metropolis”, дзе асабліва дэтальна распрацавана тэрыторыя Горняга і Дольняга замкаў[1], прычым параўнаньне гэтага пляну да іншых захаваных крыніц сьведчыць аб бязумоўнай яго агульнай правільнасці, толькі з частковымі, можа, хібамі і перахватамі ў драбніцах. Рысунак Дольняга замку з гэтага пляну мы маем разгледзець у наступным разьдзеле. Што-ж да Горняга, які нас у даным выпадку цікавіць, дык, выходзячы ласьне з гэтага рысунку ў першую чаргу, мы маем магчымасьць скласьці сабе аб ім належнае агульнае ўяўленьне.

Зьмешчаны на пляне рысунак Горняга замку падае нам выгляд параўнальна позьняе яго конструкцыі. Вядома, што першапачатковая пабудова віленскіх умацаваньняў належыць, як сьведчаць крыніцы, да самага пачатку XIV сталецьця і зьвязваецца з імем Гедыміна, як заснавальніка новае вялікакняскае рэзыдэнцыі ў Вільні. Гэтыя першапачатковыя будовы, аднак, ужо ў хуткім часе падлеглі зьнішчэньню: у 1390–1392 годзе віленскія замкі былі абложаны, захоплены і разбураны крыжакамі, крыху пазьней, у 1399 годзе, вялікі пажар закончыў распачатае вайной руйнаванне. Але ўжо ў 1413 годзе, як сьведчыць флямандзкі вандроўнік Guillebert de Lannoy, які ў гэты час наведаў Вільню, абодва замкі былі адбудаваны нанова, прычым Горні замак, згодна яго апісаньню, быў зьмешчаны на высокай пяшчанай гары, абнесены валам і мурам (par bolvercques fais à manières de murs), у сярэдзіне зроблены з дрэва, і навакол яшчэ раз абнесены каменным умацаваньнем[2]. Магчыма, што пасьля побыту Lannoy ў Вільні аднаўленьне Горняга замку і яшчэ болей пасунулася наперад, — але ў далейшым

  1. Плян гэты рэпродукаваны ў “Актах, издаваемых Виленской Археографической Комиссией", т. XX. Вільня, 1893. Зрзаумела, выданьне кнігі ў 1576 г. яшчэ ня сьведчыць, што ў гэты самы час абавязкова павінен быў быць зроблены і памянёны плян. Хутчэй за ўсё, ён бы ў зьняты раней, — на нашую думку, як мы гэта зазначым у далейшым, у 40–50х гадох XVI сталецьця. (Гл. рысунак на стар. 173).
  2. Гл. Guillebert de Lannoy і ego podróże. Poznań, 1845. Таксама “Biblioteka Warszawska”, 1844, t. IV i Sobieszański: Wiadomości historyczne o sztukach pięknych w dawnej Polsce. Warszawa, 1847. I, 140.