Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/170

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

назіральных пунктаў, але ўсе, бязумоўна, малююць адны і тыя самыя будынкі, з чаго вынікае, што ў іх аснову была пакладзена запраўдная, добра пераданая малерам натура. Рысы гэтыя робяць зарысоўкі Смуглевіча адным з найболей каштоўных матар’ялаў для вывучэньня старадаўняе віленскае архітэктуры наагул, а ў тым ліку і Горняга замку, аб некаторых частках якога мы можам мець з памянёных малюнкаў болей дэталізаванае ўяўленьне, выпраўляючы ў той самы час на падставе іх паасобныя памылкі іншых крыніц.

Паказаныя на малюнках Смуглевіча руіны Горняга замку маюць дзьве вежы і рэшткі нейкіх будынкаў, — напэўна, палацу і касьцёлу Марціна. Калі на падставе іх зрабіць спробу выправіць плян Россі, дык у гэтым апошнім трэба-б было зьмясьціць з усходняга рогу яшчэ адну вежу, паказаны-ж там з усходняга боку вялікі будынак перанесьці крыху ў напрамку да паўночнага захаду, г. зн. да таго месца, дзе на пляне знаходзіцца нейкі маленькі чатырохкутны будынак, адпаведны, мабыць руінам касьцёлу. Такая перастаноўка дала-б нам болей правільную схэму разьмяшчэньня паасобных частак замку, і толькі дакладнае разьмеркаваньне муроў засталося-б усё-ж нявысьветленым, паколькі ў правільнасьці пляну Россі нельга быць пэўным, малюнкі-ж Смуглевіча муроў зусім не паказваюць, што сьведчыць аб канчатковым зьнішчэньні іх к таму часу, калі малюнкі гэтыя рабіліся, г. зн. раней семідзесятых гадоў XVIII сталецьця.

Наступныя даныя, якія мы можам атрымаць з малюнкаў Смуглевіча, датычаць некаторых дэталей у вежах. Заходняя з іх паказана з значным лікам вокан і бойніц, а ўсходняя з крыху меншым, пры гэтым з несымэтрычным разьмеркаваньнем апошніх па плошчы фасадаў. У абедзьвюх вежах выразна выяўлена іх кантовасць і лёгкая звужанасць, а таксама падзел на чатыры асобныя паверхі. На жаль, у часе складаньня малюнкаў перакрыцьцяў у вежах ужо ня было, так што ў гэтых адносінах адзінай крыніцай застаецца рысунак па пляне Брауна. Каля кожнае вежы паказаны брамы. Побач з заходняй відаць частка заходняга муру, у якой і знаходзіцца паўцыркульны на гары пралёт, абкружаны бойніцамі; усходняя-ж вежа мае адну браму побач, як у папярэднім выпадку, а другую ў самым корпусе вежы, уся паўднёва-заходняя частка якой паказана ўжо зруйнаванай. Апошняя вежа гэта якраз і ёсьць тая самая, якая ў пачатку XIX сталецьця зьнішчана была канчаткова, у той час як ад заходняй яшчэ і цяпер на Замковай гары захавалася дольняя частка, вышынёй на два паверхі, пакрытая навейшай, зусім неадпаведнай ёй надбудоўкай.

Апроч гэтае часткі вежы да сучаснага моманту захавалася таксама яшчэ і частка палацавага муру з усходняга боку гары, складзеная з каменьня і цэглы, з прыкметнымі яшчэ ў некаторых мясцох сьлядамі ранейшых скляпеньняў. Рэштка гэтая яшчэ раз дае магчымасьць праверыць паказаньні малюнкаў Смуглевіча з тым, каб зазначыць іх бязумоўную топографічную правільнасьць. На жаль, аднак, з прычыны таго, што ўжо ў часы Смуглевіча