Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/174

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

беспасрэдны ўдзел італьянскіх майстроў у некаторых найболей значных пабудовах, як гэта было, напрыклад, у Польшчы[1]. Але прыход гэтых форм у Беларусь трэба ўсё-ж лічыць цалком натуральным і органічным, паколькі ранейшая готыцкая эпоха, ужо зьвязаўшы Беларусь з заходня-эўропейскай архітэктурай, зараней падрыхтавала ім належную глебу, на якой яны добра маглі разьвінуцца. Тут наглядаецца, між іншым, характэрная зьява: процэс стылістычнага разгортваньня архітэктурных форм рэнэсансу запраўды адбываўся на гэтай глебе настолькі органічна, што тут зусім ня было раптоўнае замены аднаго архітэктурнага стылю на іншы, ня было рашучага, хуткага адмаўленьня ад готыкі і пераходу да форм адраджэньня; наадварот, пераход гэты адбываўся павольна: царкоўнае будаўніцтва, напрыклад, як мы ўжо зазначалі вышэй, наогул нават у XVI сталецьці зусім яшчэ ад готыкі не адыйшло; ды нават і ў замковым будаўніцтве рэнэсанс не атрымаў выключнае перавагі: замковая архітэктура тут толькі выкарыстала для новых стылістычных магчымасьцяй намечаны ў ёй яшчэ раней процэс свае ўласнае конструкцыйнае дыфэрэнцыяцыі, і паглыбіла гэтую дыфэрэнцыяцыю ў самай істоце, а адпаведна таму і ў стылістыцы сваіх конструкцый. Конкрэтна гэта выявілася ў тым, што ў пераважнай большасьці толькі ў палацавых, з XVI-га сталецьця ўзмоцненых частках і выяўляліся ў першы раз новыя рэнэсансавыя формы, у той час як часткі чыста фортыфікацыйнага прызначэньня, а таксама і зусім аддзеленыя ад палацаў спэцыяльныя абаронныя ўмацаваньні, звычайна, яшчэ захоўвалі свой ранейшы, у аснове готыцкі характар. Паколькі процэс гэты адбываўся паступова, — пастолькі ў некаторых выпадках, нават, канчатковая конструкцыя тае ці іншае пабудовы магла быць вынікам шэрагу паступовых напластаваньняў, дзе формы рэнэсансавае архітэктуры зьяўляліся толькі апошнімі з дададкаў да пэўнага архітэктурнага цэлага, развіцьцё якога пачыналася яшчэ з готыкі. Недахват захаваных помнікаў не дае нам магчымасьці прасачыць такую генэзу ў дэталях, — але і ў тым, што мы маем ад гэтай эпохі мы можам заўважыць яе асноўныя моманты, якія досыць выразна, напрыклад, выяўляюцца ў Віленскім Дольнім замку, узятым за тэму для данага нарысу.

  1. Пытаньне гэтае наагул зьяўляецца яшчэ зусім нераспрацаваным, але распрацоўку яго мы змушаны пакуль што адкласьці з прычыны немагчымасьці выкарыстаньня патрэбных архіўных крыніц, якія маглі-б знайсьціся, галоўным чынам, у віленскіх архівах. Вядома, напрыклад, што ў Кракаве ў часы Жыгімонта Сгарога працаваў цэлы шэраг італьлянскіх архітэктароў: Franciscus Italicus, Francesco della Lora, Bartolomeo Berecci, Niccolo de Castiglione і інш. Пры дынастычнай супольнасьці Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага няма нічога дзіўнага, калі-б аказалася, што тыя-ж самыя майстры маглі пасылацца і ў Вільню, тым болей, што ў пазьнейшыя часы ўжо добра вядомы выпадкі такой перасылкі артыстычных сіл з Кракава ў Вільню і наогул працы італьлянскіх майстроў у Вільні. Але бясспрэчных матар’ялаў па гэтым пытаньні мы яшчэ ня маем. Між іншым, у нямецкай літаратуры ёсьць паведамленьне, нібыта ў пабудове Дольняга замку ў Вільні бралі ўдзел нямецкія і італьлянскія майстры, запрошаныя ў Вільню з Прусіі. (D-r Karge: Zur Geschichte des Deutschtums in Wilna und Kauen. “Das Litauen-Buch”, стар. 97.) Адкуль, аднак, узяты гэтыя весткі — нам невядома.