Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/179

Гэта старонка не была вычытаная

ДОЛЬНІ ЗАМАК У ВІЛЬНІ.

з разгляду гэтых крыніц мы можам атрымаць частковае ўяўленьне аб паступовым ходзе пабудовы Дольняга замку, амаль выключна, аднак, у межах аднаго толькі XVI сталецьця.

Для азнаямленьня з першаю стадыяй у гэтых адносінах служыць выключна плян Брауна. Але нельга забывацца на тое, што ўжо і ён усходзіць да параўнальна позьняга часу і з гэтай прычыны ўжо выразна выяўляе ўсе тыя рысы, якія зрабіліся характэрнымі для беларуска-літоўскай замковай архітэктуры ў першай палове XVI сталецьця. Сярод гэтых рыс, як найболей тыповую, мы ўжо вызначалі тое, што па ўсіх нам вядомых крыніцах Дольні замак у Вільні збудаваны быў у гэты час згодна новых прынцыпаў і прыёмаў, і з гэтай прычыны амаль што зусім ужо ня меў характару запраўднага замковага ўмацаваьня. У папярэднія часы, калі ўвесь замак быў яшчэ драўляным, ён набліжаўся да звычайнае ваеннае цытадэлі і досыць грунтоўна быў умацаваны валамі, парканам і вежамі, а ў канцы XIV сталецьця быў абведзены каменным мурам. Усе гэтыя ўмацаваньні, аднак, з цягам часу былі зусім зьнішчаны, і толькі часткова адноўлены ў адбудовах XVI сталецьця, так што ў рысунку на пляне Брауна, дзе падаецца ласьне гэтая конструкцыя, мы ўжо бачым пабудову цалкам іншага тыпу, у якой пераважаюць палацавыя і проста цывільныя будынкі, у той час як абаронным прыстасаваньням адведзена вельмі нязначнае месца.

Гэтае характэрнае паслабленьне фортыфікацыі Дольняга замку ў XVI сталецьці перш за ўсё датычыць муроў. На пляне Брауна яны наагул вызначаны досыць нізкімі, і амаль што пазбаўленымі спэцыяльных абарончых прылад. Яны не абводзяць усяго замку цалком, як гэта было звычайна, але разьмешчаны толькі з двох бакоў, з паўднёвага, уздоўж левага рукава Вялейкі, які калісьці абкружаў Дольні замак з поўдню і захаду, і з паўночнага, г. зн. па беразе Вяльлі, роўналежна Антакольскаму шляху. З паўдаёвага ўсходу толькі зусім ужо нязначны і маленькі мур аддзяляў замковы сад ад “Падзамча”, а далей на усход, у кірунку да Замковае гары, уся тэрыторыя Дольняга замку заставалася зусім адкрытай і безабароннай. З заходняга боку, замест муроў, тэрыторыя гэта замыкалася даўгім шэрагам злучаных між сабой будынкаў, галоўнымі з якіх зьяўляліся катадральны касьцёл, палац біскупа, памяшканьне вялікакняскае варты (драбантаў) і дом падскарбія[1]; усе гэтыя будынкі вольна былі павернуты сваімі фасадамі ў надворны бок, прычым тут-жа

  1. Аб прызначэньні паасобных будынкаў, вызначаных на пляне Брауна лічбамі, мы ведаем з спэцыяльнага, зьмешчанага на гэтым пляне паказьніку. Падаем з яго частку, датычную замковае тэрыторыі: 1) Das hoche Slochs — Горні замак; 2) Das Slochs — замак (Дольні); 3) Die jong Königinne haus — дом маладое каралевы (г. зн. палац, пабудаваны Жыгімонтам Аўгустам для жонкі сваёй Элізабэты); 4) Die Slochs kirche — замковая царква (Катадральны касьцёл, які ўваходзіў у склад Дольняга замку); 5) S. Barbara kirch — царква Барбары (на самым пляне не паказана); 6) Der Schatzmeister haus — дом падскарбія; 7) Der König stall — стайні; 8) Der Lucerne — “ліхтарня” (так названа вежа ў Дольнім замку з паўночнага боку, г. зн. на беразе Вяльлі); 9) Das deutsch haus — нямецкі дом; 10) Das Trabanten haus — дом драбантаў (вялікакняскае варты).