Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

ходзячы да іншае архэолёгічнае групы[1]. Большасьць беларускае тэрыторыі выяўляецца, як суцэльная культурная адзінка, дзе нават розныя плямёны падлягалі аднольковым надворным уплывам, прычым уплывы гэтыя ў розных этнографічных групах утваралі блізка падобныя формы матар’яльнае культуры. Культура гэтая, хоць і ня мае поўнае самастойнасьці ў сваёй аснове, але зьяўляецца сьцісла дапасаванай да пэўнае тэрыторыі, якая ў сваіх асноўных межах супадае з этнографічнай тэрыторыяй сучаснае Беларусі. Такім чынам, у чыста тэрыторыяльным сэнсе яна, бясспрэчна, можа быць выдзелена, як стара-беларуская, безадносна да этнографічнае сфэры свайго пашырэньня, сфэры рознастайнай у сваім складзе, дзе, аднак, як мы бачылі, значнае месца займалі і элемэнты славянскія. Вырабы, характэрныя для гэтае культуры, у большасьці зьяўляюцца, магчыма, прадметамі чужаземнага пахаджэньня; але гэта не пазбаўляе іх пэўнага значэньня ў справе схэматычнага высьвятленьня асноўных стылістычных момантаў, тыповых для гістарычнага пэрыоду ў жыцьці беларускае тэрыторыі. З аднаго боку і самы выбар тых альбо іншых прывозных прадметаў пры досыць шырокім гандлі, і, значыцца, пры належнай магчымасьці гэтага выбару, вызначаўся, магчыма, ня толькі выпадковым прывозам чужаземнага тавару, але таксама і пэўнымі запатрабаваньнямі мясцовага побыту, у дапасаваньні да якога адны чужаземныя формы атрымлівалі перавагу над іншымі, і ўліваліся ў гэты побыт, маючы, пэўна, у далейшым вядомы ўплыў на разьвіцьцё свайго ўласнага стылю ў самастойным мастацтве. З другога боку, нельга, здаецца нам, катэгорычна зацьвярджаць, нібыта ў гэтую эпоху тут зусім ня было ніякай мясцовай вытворчасьці, так што на працягу сталецьцяў усе плямёны данае тэрыторыі карысталіся выключна прывознымі вырабамі. Папершае, для такога зацьверджаньня няма об’ектыўных падстаў, бо цяжка, зразумела, знайсьці належны крытэрыум, каб мець магчымасьць беспамылкова адрозьніваць выраб прывозны ад вырабу мясцовага, у выпадку калі гэты апошні зроблены ў тым самым характары і стылі, як першы, пры аднальковай тэхнічнай апрацоўцы. Падругое, сярод беларускіх знаходак трапляюцца рэчы, у дэталях якіх можна заўважыць не літаральнае падабенства, але вядомыя модыфікацыі чужаземных тыпаў. Патрэцяе, нарэшце, вядомы выпадкі знаходак на беларускай тэрыторыі спэцыяльных каменных формачак, прызначаных для адліўкі дэкорацыйных прадметаў[2]. Усё гэта прымушае думаць, што адначасна з ужываньнем прадметаў чужаземнага пахаджэння

  1. Ibidem, стар. 326-327
  2. Русские древности в памятниках искусства, издаваемые И. Толстым и Н. Кондаковым. Вып. V: Курганные древности и клады домонгольского периода. СПБ. 1897. Стар. 53 і 155.