Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/180

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

быў выхад з замку праз вялікую браму, якая знаходзілася між домам падскарбія і памяшканьнем драбантаў, а таксама праз другую, меншую браму каля палацу біскупа; трэці выхад быў ў Катадральным касьцёле. Супроць усіх гэтых брам знаходзіліся, напэўна, масты, перакінутыя праз памянёны намі вышэй, параўнальна вузкі левы рукаў Вялейкі, так што фактычна ўвесь заходні бок замку таксама быў пакінуты бяз жаднага ўмацаваньня і абароны, якія ў выпадку патрэбы маглі-б мець хоць якое-колечы сур’ёзнае значэньне. Праўда, два з будынкаў гэтае часткі, а ласьне палац біскупа і дом драбантаў, мелі па рагох невялічкія вежы, чатыры з якіх прыпадалі на надворны бок, а з паўночнага захаду ўвесь шэраг памянёных будынкаў быў закончаны круглаю вежаю значна большых памераў, магчыма, захаванаю яшчэ ад ранейшых умацаваньняў, з бойніцамі ў мурох, зубцамі і амбразурамі. Трэба гадаць, аднак, што для запраўднае абароны замку гэтых нямногіх прылад не магло-б выстарчыць, тым болей, што ў шмат якіх частках увесь адносна вялікі замак быў яшчэ значна меней умацаваны.

Пачынаючы ад толькі што памянёнай рагавой вежы ў кірунку на ўсход адыходзіў нявысокі мур, які замыкаў замковую тэрыторыю з паўднёвага боку, і меў у сабе яшчэ адну вялікую, галоўную браму, злучаную з Замковай вуліцай перакінутым праз адтоку Вялейкі драўляным мостам. З усходняга канца мур гэты пераходзіў у зусім ужо нязначную агароду, якая загібалася пад простым вуглом, акаляючы замковы сад. Сваім супроцьлеглым канцом агарода гэтая ўпіралася ў драўляны будынак стайні, а далей у напрамку да Вяльлі ішлі ўжо паасобныя, нязлучаныя паміж сабой, таксама драўляныя будынкі, аддзеленыя адзін ад аднаго нічым не запоўненымі прамежкамі, праз якія лёгка было ўвайсьці ў межы замковае тэрыторыі. Такім чынам, уся гэтая частка замку ўяўлялася найменей абароненай. Праўда, у частцы гэтага ўсходняга крыла, пад самай Замковай гарой, на пляне Брауна паказаны нейкі невялічкі мур (а можа, нават, проста паркан), але ён меў хутчэй характар нутраное агароды, ніж запраўднага муру, так што адзін з будынкаў, вызначаны на пляне як “Нямецкі дом”, знаходзіўся, нават, ужо па-за ім на