Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/182

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

магло-б зьявіцца надзейным у выпадку запраўднае небясьпекі. Для гэткае ролі Дольні замак амаль зусім ня быў дапасаваны, і можа ласьне з гэтае прычыны ён быў, напрыклад, так лёгка забраны ў часе вайны з Масквою. Але бясспрэчна, што прыпабудове гэтага замку ў XVI сталецьці ён для ваенных мэт і не прызначаўся; усім расплянаваньнем сваім ён быў задуманы і збудаваны ня ў якасці ваеннае цытадэлі, а пераважна як пышная вялікакняская рэзыдэнцыя, дзе ўся ўвага была аддана ня столькі практычнай выгодзе, сколькі надворнаму эфэкту і артыстычнай апрацоўцы агульнага цэлага. За кошт паслабленьня яго абаронных частак зьявілася магчымасьць шырэй разгарнуць шэрагі іншых будынкаў, часткова, магчыма, скарыстаўшы ранейшыя яшчэ захаваныя да XVI сталецьця пабудовы, але галоўным чынам дадаўшы да іх зусім новыя гмахі ў адпаведнасьці да ўзьнікшых у тыя часы новых запатрабаваньняў. Будынкі гэтыя былі разьмешчаны ў правільным парадку з усходняга і заходняга боку замковае тэрыторыі, складаючы разам з мурамі выцягнуты з поўдня на поўнач простакутнік. З паўночна- заходняга рогу заходняе крыло пачыналася будынкам Катадральнага касьцёлу; касьцёл гэты, заснаваны яшчэ ў канцы XIV сталецьця[1], не адзін раз з таго часу быў перабудаваны, але яшчэ захаваў у часы ўкладаньня пляну Брауна выразныя готыцкія формы, паданыя яму, мабыць, пры адбудове пачатку XV сталецьця і ня зьнішчаныя пры пераробках 1536–1545 г.[2]. На колькі магчыма высьветліць з параўнальна нязначнага па сваіх памерах рысунку на пляне Брауна, Катадральны касьцёл у замацаванай гэтым рысункам конструкцыі быў збудаваны ў выглядзе трохнэфнае базылікі з болей высокім асяродкавым нэфам, і меў адну, здаецца, васьмісьценную вежу з завостраным пірамідальным накрыцьцём. Вокны мелі готыцкую стрэльчатую форму, над імі-ж пад гзымсамі як-быццам праходзілі дэкорацыйныя аркавыя фрызы. Альтарная апсіда зьмяшчалася з поўначы, але форма яе застаецца з рысунку няяснай. З паўднёвага боку да гэтага будынку шчыльна прылягала масыўная камяніца, вядомая часам пад назвай палацу віленскага біскупа, хоць гэта і супярэчыць даным пляну Брауна, на якім палац біскупа паказаны пад № 16 у зусім іншым месцы. Камяніцу гэтую некаторыя аўтары, як, напрыклад, Глебаў, лічылі за пабудову яшчэ паганскіх часоў, уважаючы яе за памяшканьне старадаўніх літоўскіх жрацоў каля бажніцы Пяркуна, якая нібыта знаходзілася калісьці на месцы Катадральнага касьцёлу. Думку гэтую, зразумела, належыць адхіліць, як зусім беспадстаўную фантазію. Але ня можа быць спрэчак, што з ліку будоў Дольняга замку будынак гэты быў адным з найболей старых, узьнікненьне якога магчыма ня толькі ў пачатку XVI сталецьця, але нават яшчэ і ў XV. На рысунку Брауна ён мае выгляд не асабліва высокага, але ня меней усё-ж як двох-паверхавага гма-

  1. Аб гэтым паведамляе, напр., Długosz пад 1387 годам: “(Jagello) іn Vilnensi civitate Ecclesiam Cathedralem in Sanctissimae Trinitatis honorem, et sub titulo Sancti Stanislai Pontificis et Martyris gloriosi et magnifici, fundat et erigit,” – Historia Polonica (Lipsiae, 1711), liber X, 111.
  2. Аб пераробках гэтых сьведчыць захаваная ў архіве Віленскае Капітулы ўмова віленскага біскупа з нейкім Бэрнардам Занобіі, італьянцам, на перабудову касьцёлу ў цягу пяці год, пачынаючы з 1536. Historya Miasta Wilna przez Michała Balińskiego. Том II. Wilno, 1836. Стар. 79, ув. 12, а таксама запісаная ў Кароннай Мэтрыцы (т. 70. стар. 36–37), ўмова ад 1545 г. з Янам Сіенскім (Iohannes Senensis murator) аб пабудове скляпеньняў (testudines) у віленскай катэдры. Sprawozdania komisy do badania historyi sztuki w Polsce, VIII, zesz. III i IV, 1912, str CCCCLXIII.