Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/189

Гэта старонка не была вычытаная

ДОЛЬНІ ЗАМАК У ВІЛЬНІ.

мясцох ня зусім роўнамернае; так, напрыклад, у частцы будынку паміж супроцьлеглым ад Катэдры рогам і першаю прыбудоўкаю вокны падзелены ў кожным паверсе на тры групы: дзьве з іх маюць па два вакны, і асяродкавая — тры. Сярэдняя частка будынку паміж прыбудовак мае роўнамернае разьмяшчэньне вокан па чатыры ў кожным паверсе на роўнай між сабою адлегласьці. Пачынаючы ад другой прыбудоўкі, увесь фасад як-быццам крыху заламаны пад тупым вуглом, і блізка адсюль зусім канчаецца, а далей будынак злучаны з Катадральным касьцёлам з дапамогай асобнае, крыху болей нізкае прыбудоўкі; у гэтых частках разьмеркаваньне вокан ужо зусім няправільнае і лік іх наогул нязначны, бо дольні паверх мае тут тры ўваходы, два маленькія і адзін вялікі, з паўцыркульнай аркай і пышным абрамаваньнем з бакавымі пілястрамі, якое крыху нагадвае па сваім характары апрацоўку надворнае брамы заходняга крыла замку, паказанае на пляне Брауна. Але апроч гэтых частак агульны строгі характар фасаду вытрыманы надзвычайна сьцісла, і доўгія горызонтальныя шэрагі вокан толькі ўзмацняюць яго спакойны і ясны падзел. Пры гэтым, намечаная ў вокнах горызонталь яшчэ болей падкрэсьлена праведзеным на мяжы другога і трэцяга паверхаў шырокім і плоскім падвойным гзымсам, які дае першую аснову для ўсяго падзелу фасаду; далей, над трэцім паверхам горызонталь яшчэ раз паўторана ў аналёгічным, але ўжо ордынарным гзымсе, і нарэшце яшчэ вышэй, ужо на самым версе будынку пакладзены трэці акцэнт з дапамогай апошняга навеснага гзымсу, які зьяўляецца нібы асновай для горняга орнамэнтальнага фрызу. Уся гэтая сыстэма горызонтальных гзымсаў асабліва падкрэсьлівае і выдзяляе трэці паверх будынку, якому як-быццам надаецца самая важная і галоўная роля ў агульным уражаньні. У сувязі з гэтым, магчыма, ён мае болей складаную апрацоўку ў дэталях. Вокны яго наагул значна большых памераў у параўнаньні да ніжэйшых паверхаў, і маюць болей шырокія, хаця таксама строга просталінейныя пралёты; ваконьніцы іх ускладнены нейкімі дэкорацыйнымі дадаткамі нагары; нарэшце элемент чыстае дэкорацыі ўносіць шырокі орнамэнтальны фрыз, якім закончаны трэці паверх, а разам з тым і ўвесь будынак з гары. Па сваім мотыве фрыз гэты зьяўляецца як-бы нейкай модыфікацыяй у аснове сваёй готыцкіх форм, скарыстаных, аднак, ня ў іх конструкцыйным значэньні, але выключна з дэкорацыйнымі мэтамі. Ён складаецца з шэрагу стрэльчатых арачак, пастаўленых на паўкаленкі з вялікімі параўнальна капітэлямі, а па адным з малюнкаў Смуглевіча, дзе паказана больш-менш тая самая частка замку, пасярод некаторых арачак знаходзяцца невялічкія паглыбленыя нішы, і яшчэ вышэй, на самым версе муру, нейкія дэкорацыйныя выступы. Выступаў гэтых на літографіі, якую мы разглядаем, няма, — так што магчыма думаць, што ў зарысоўцы Смуглевіча мы бачым болей раньнюю стадыю захаванасьці будынку, а можа