тут існавалі таксама і мясцовыя вырабы, якія зьяўляліся часам беспасрэднымі перайманьнямі прывозных узораў, а часам пэўнаю іх пераапрацоўкаю, у аснове якой заставаліся, аднак, занесеныя з іншых краін чужаземныя стылістычныя формы. Паколькі ў абодвых выпадках ласьне гэтыя чужаземныя формы ўтваралі той грунт, з якога вынікаюць як адпаведныя асаблівасьці старадаўніх стылістычных тыпаў кургановага пэрыоду, так і некаторыя пазьнейшыя дэталі ў галіне самастойнае творчасьці, — пастолькі, зразумела, адным з найболей важных пытаньняў зьяўляецца высьвятленьне асноўных крыніц гэтых форм, разам з тэй досыць складанай сыстэмай надворных сувязяй, якою вызначаўся характар адпаведных чужаземных уплываў на тыя ці іншыя групы насельніцтва Беларусі на працягу кургановае эпохі. Дакладнае і дэталёвае вырашэньне гэтага пытаньня ёсьць, бясспрэчна, адным з чарговых заданьняў беларускае архэолёгічнае навукі, што вымагае яшчэ, аднак, досыць доўгіх і сыстэматычных досьледаў у мэтах адшуканьня патрэбнага для таго матар’ялу ў як-мага болей значнай паўнаце. У цяперашні час, на падставе ўжо вядомых архэолёгічных фактаў, можна пакуль што зрабіць толькі самыя агульныя, не дэталізаваныя вывады.
Асноўныя сувязі старадаўняе беларускае тэрыторыі з іншымі краінамі вызначаліся, перш за ўсё, тымі гандлёвымі шляхамі, якімі перасякалася гэтая тэрыторыя, далей — абхватам і характарам яе ўласных гандлёвых зносін і, нарэшце, шляхамі колёнізацыйнага руху славянскіх плямён пры расьсяленьні іх у напрамку на ўсход і паўднёвы ўсход. Географічнае становішча Беларусі, у межах якой знаходзяцца вадападзелы паміж сыстэмамі Нёмну, Заходняе Дзьвіны, Дняпра і Волгі, з даўніх часоў зрабіла яе раздарожжам водных шляхоў, месцам, дзе зыходзіліся і злучаліся вадазборы Бальтыцкага, Чорнага і Касьпійскага мораў. Дзьвінская сыстэма, набліжаючыся да волскай, утварала злучальнае зьвяно на шляху з усходу на захад. Поперак ішоў так званы "вялікі водны шлях з варагаў у грэкі", пераходзячы з тэй-жа дзьвінскай сыстэмы, злучанай, апроч таго, вадазборамі Чудскага і Ільменскага вазёр, на сыстэму Дняпра. Болей дробныя водныя шляхі па прытоках злучалі паміж сабою асноўныя артэрыі. Усе гэтыя шляхі, досыць рана зрабіўшыся шляхамі асадніцкага руху і крыху пазней — шляхамі гандлёвых сувязяй, здаўна стварылі для беларускае тэрыторыі шырокія магчымасьці сталых зносін з рознастайнымі краінамі і шырака раскрылі яе тым самым для розных, часта сплеценых між сабою і перакрыжаваных уплываў.
Але ня ўсе яны на працягу кургановае эпохі мелі адналькова важнае значэньне ў якасьці колёнізацыйных і транзітных гандлёвых