Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/198

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

больш-менш дакладна ўявіць сабе ранейшы выгляд таксама і гэтых апошніх. Усе муры яе вельмі падобны да бакавых муроў Вострай і Віленскай брам (якія мы лічым за першапачатковыя), прычым галоўны надворны яе фасад, пазбаўлены ўсялякіх пазьнейшых дэкорацыйных дадаткаў, цалком захоўвае сваю суровую і суцэльную прастату. Таксама як і ў папярэдніх выпадках будынак зроблены тут на два паверхі, але разьмежаваньне іх між сабой праведзена яшчэ болей рэзка, нават у самым пляне: дольні паверх мае ў сваёй аснове выцягнуты простакутнік, які выдаецца наперад з лініі муроў і дасягае паловы іх вышыні, займаючы, такім чынам, крыху меней паловы агульнае вышыні ўсяго будынку брамы. Другі паверх, на квадратовай аснове з адцятымі вугламі, уздымаецца над першым у выглядзе няправільнае васьмісьценнае вежы, зьмешчанае бліжэй да асноўнага муру. Згары ўвесь дольні паверх абведзены падвойным гзымсам, а ў вольнай сваёй, высунутай наперад частцы перакрыты плоскім дахам з адхонымі закругленымі спадамі. З надворнага фасаду ў гэтым паверсе пачынаецца самы пралёт брамы, над якім разьмешчана вялікае круглае вакно і дзьве значна меншыя памерам, таксама круглыя бойніцы. Яшчэ тры такія самыя, толькі крыху большых памераў бойніцы відаць з бакавога фасаду, паказанага на малюнку. Горні паверх, амаль што адразу над першым абкружаны моцным патройным гзымсам; недалёка ад даху праходзіць другі, болей тонкі падвойны гзымс, і нарэшце пад самым дахам ёсьць яшчэ трэці, высокі, з досыць значным выступам. Плоскі дах гэтага паверху цалкам аналёгічны таму, што перакрывае дольні паверх, а шэраг бойніц па ўсіх фасадах яшчэ болей узмацняе агульнае падабенства абодвых паверхаў паміж сабой. Наогул, у даным выпадку мы бачым досыць добра ўмацаваную, спэцыяльна ваенную будову, цалком прыдатную для належнае абароны зьмешчанага ў ёй уваходу ў места, — і трэба гадаць, што ў першапачатковым выглядзе больш-менш блізкую конструкцыю павінны былі мець таксама Віленская і Вострая брамы, калі ім яшчэ надавалася запраўднае абароннае значэньне, страчанае ў пазьнейшыя часы.

Тры іншыя зарысоўкі Смуглевіча захавалі для нас узоры яшчэ болей моцных і дасканалых абаронных умацаваньняў. Адна з іх падае нам параўнальна недалёка ад Вострае брамы, уздоўж колішняе Базыліянскае вуліцы, рэшткі крыху болей высокіх, ніж у іншых мясцох, і болей моцных